Воданапорную вежу пад Талачыном прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю
Воданапорная вежа ў гарадскім пасёлку Коханава Талачынскага раёна атрымала статус нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. Пра гэта піша газета "СБ. Беларусь сегодня".
З адпаведнай ініцыятывай выступілі мясцовыя жыхары. Улады раёна і вобласці падтрымалі. Дырэктарка Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Пікулік тлумачыць: "Справа ў незвычайным уладкаванні вежы і яе вядомым "бацьку" — расійскім інжынеры, архітэктары і вынаходніку Уладзіміру Шухаве. Паводле яго праекта ў 1929 годзе ў Коханаве і ўзвялі стратэгічны для свайго часу аб'ект".
Па яе словах, воданапорныя вежы на чыгунцы выкарыстоўвалі для запраўкі лакаматываў вадой. Праехаўшы ад Оршы 25 км, таварныя саставы заставаліся без вады для катла. Таму вежа ў Коханаве была стратэгічна важным аб'ектам. Дарэчы, у працоўным стане вежу падтрымлівалі каля 80 гадоў.
Падобных вежаў у Беларусі было пабудавана чатыры, захаваліся толькі дзве — у Коханаве і Барысаве. У свеце такіх унікальных канструкцый засталося 11.
Уладзімір Шухаў, які стварыў першыя гіпербалоідныя канструкцыі, праславіўся дзякуючы вынаходству сеткаватых перакрыццяў. Іх выкарыстоўвалі ў такіх культавых пабудовах, як Брытанскі музей або хмарачос The Gherkin ў Лондане. Самай вядомай працай інжынера з'яўляецца радыёвежа на Шабалаўцы ў Маскве.