Выбары ў Брэсце: назіральнікі за назіральнікамі і маніпуляцыі з бюлетэнямі

Выбары ў Брэсце: назіральнікі за назіральнікамі і маніпуляцыі з бюлетэнямі

Галоўная прэтэнзія падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў з боку незалежных назіральнікаў у Брэсце ― працэдура падліку галасоў. На іх погляд, праца выбарчых камісій не была празрыстая, а выконваць назіральнікам свае непасрэдныя абавязкі было складана. Уражаннямі ад кампаніі з Еўрарадыё дзеліцца Ігар Маслоўскі, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч. Па словах актывіста “Гавары праўду”, у параўнанні з мінулымі выбарамі, супраць незалежных назіральнікаў сёлета пачалі ўжываць новыя механізмы для перашкоды іх дзейнасці.

Самае адметнае, напэўна, тое, што, калі нашы назіральнікі пісалі скаргі на парушэнне заканадаўства, то праўладныя назіральнікі пісалі скаргі на нашых назіральнікаў за тое, што тыя нібыта ўмешваюцца ў працу камісіі,” ― распавядае Маслоўскі.

З заўвагай папярэдняга суразмоўцы пагаджаецца і мясцовы праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які сёлета быў назіральнікам на адным з участкаў у Брэсце. На яго думку, мэта праўладных назіральнікаў ― сачыць не за працэсам галасавання, а за сваімі “незалежнымі калегамі”.

Вялічкін: “У маім выпадку сітуацыя пагоршылася тым, што старшыня камісіі ― дырэктарка дзіцячага садка №53, а тыя назіральнікі, пра якіх я кажу, гэта работнікі таго ж самага садка №53. То бок не толькі ў Брэсце выбарчыя камісіі складаюцца з прадстаўнікоў працоўных калектываў, але ж гэтыя працоўныя калектывы вылучалі сваіх жа назіральнікаў”.

А вось актывіст “Руху “За свабоду” Дзяніс Турчаняк нейкіх новых механізмаў у працы выбарчых камісіяў не шукаў. Назіральнік наадварот выкарыстаў досвед, атрыманы падчас папярэдніх кампаній і разам з паплечнікамі правёў “кантрольнае галасаванне”.

Турчаняк: “Мы гэта зрабілі на трох выбарчых участках. Эксперымент заключаўся ў тым, каб замест бюлетэня падчас датэрміновага галасавання апусціць у скрыню ліст паперы, а пазней прыйсці на гэты ўчастак у якасці назіральніка і праверыць, як гэта адлюстравалася на справаздачнасці камісіі. У выніку на двух участках гэтых папераў у скрынях не аказалася, а колькасць бюлетэняў адпавядала колькасці тых людзей, якія прыйшлі прагаласаваць, хоць і павінен быў быць недахоп”.

На думку грамадскага актывіста, на двух участках, дзе ён праводзіў свой эксперымент, скрыні незаконна адчыняліся загадзя. Турчаняк мяркуе, што скрыня на трэцім участку засталася некранутай толькі таму, што на участку прысутнічаў назіральнік АБСЕ.

Дзяніс Турчаняк падаў заяву ў пракуратуру з патрабаваннем правесці праверку і пачаць расследаванне па факце падробкі выбарчых бюлетэняў і заведама няправільнага падліку галасоў.

Сведкам кур’ёзнага парушэння стала назіральніца Ірына Сіняпкіна. Падчас падліку галасоў яна ўбачыла, як выбарчая камісія палічыла галасы за Лукашэнку з сапсаваных бюлетэняў.

 “Дастае старшыня камісіі тры бюлетэні. На кожным насупраць кожнага кандыдата стаяць нейкія значкі, а насупраць прозвішча Лукашэнка стаіць іншы (напрыклад, крыжык). Старшыня звяртаецца да камісіі: “Давайце мы прызнаем гэты бюлетэнь сапраўдным, бо, відаць, чалавек хацеў прагаласаваць за Лукашэнку, але памыліўся…

Акрамя заўваг, якія тычацца самой працэдуры падліку галасоў, назіральнікі звяртаюць увагу і на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. Асабліва гэта было заўважна на участках, дзе галасавалі студэнты.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі