Выяўлена, з-за чаго загарэўся электробус у Мінску

Выяўлена, з-за чаго загарэўся электробус у Мінску

14 верасня ў Мінску на вуліцы Ваўпшасава гарэў электробус. Як выяўлена, прычынай інцыдэнту стала кароткае замыканне унутры сілавога транзістара, які адказвае за скід залішняй электраэнергіі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў начальнік сэрвіснай службы "Белкамунмаша" Аляксандр Шутаў.

"З-за кароткага замыкання ў сілавым транзістары пайшоў некіруемы нагрэў пуска-тармазных рэзістараў. Побач з імі на даху канструктыўна стаяў вентылятар з пластыкавай крышкай, які праводзіць выкід паветра з салона элетробуса ў навакольнае асяроддзе. За кошт нагрэву і блізкага размяшчэння да нагрэтых рэзістараў адбылося самаадвольнае ўзгаранне вентылятара. Гэта прывяло да плаўлення жгутоў, кароткага замыкання ланцуга і прамога полымя, якое вылілася ў пажар", — тлумачыць Аляксандр Шутаў.

Цяпер па вуліцах Мінска ездзяць 19 электробусаў "Белкамунмаша". Усе яны, кажа Аляксандр Шутаў, правераныя і знаходзяцца ў спраўным стане. У іх таксама вядуцца працы па максімальным аддаленні дахавых вентылятараў і жгутоў ад блока пуска-тармазных рэзістараў . Гэта будзе ўлічвацца і пры распрацоўцы наступных падобных канструкцый.

Увогуле, самі па сабе электробусы, сцвярджае Шутаў, цалкам бяспечны транспарт з вялікай колькасцю ўнутраных ступеняў абароны. Спецыяліст называе сітуацыю, якая адбылася 14 верасня, пазаштатнай і кажа, што раней з падобнымі праблемамі на Белкамунмашы не сутыкаліся. Аднак здарэнне кепска паўплывала на імідж беларускага прадпрыемства: з краін, у якія планавалася пастаўляць электробусы, прыходзяць запыты наконт інцыдэнту:

"Калі да нас прыязджаюць патэнцыйныя кліенты, мы адмыслова распавядаем пра гэты выпадак і пра меры, якія прынялі, каб гэта не паўтарылася".

Сілавы транзістар, які стаў прычынай здарэння, перасланы на тэхнічную экспертызу замежнаму заводу-вытворцы, а сам электробус узнаўляецца на "Белкамунмашы".

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі