Ягор Марціновіч: з абвінавачання аб нявыплаце камуналкі смяюцца нават ахоўнікі

Ягор Марціновіч / Facebook​
Ягор Марціновіч / Facebook​

З абвінавачанняў, выстаўленых Ягору Марціновічу, смяюцца нават ахоўнікі. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю рускай службе ВВС. Галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Марціновіч адказаў на пытанні медыя з-за кратаў.

Яго затрымалі ў ліпені і абвінавацілі ў эканамічным злачынстве.

"Нібыта "Наша Ніва" плаціла за электраэнергію не па тым тарыфе, па якім мусіла [для фізічных асоб, а не для юрыдычных], і электрасеткам нанесеная школа на суму 3500 беларускіх рублёў. Пры гэтым само прадпрыемства ніколі не звярталася да нас з прэтэнзіямі. І нават цяпер, наколькі я ведаю, сцвярджае, што няма ніякага доўгу", — расказаў Марціновіч.

З моманту затрымання з ім не праводзілася наогул ніякіх следчых дзеянняў. Ён разумее, што аказаўся ў СІЗА за прафесійную дзейнасць. Гэта, па яго словах, разумеюць і следчыя, і пракуроры. "Але яны жывуць па прынцыпе "вы самі ўсё разумееце".

Марціновіч расказаў, як яго затрымлівалі: "Са мной не размаўлялі, мяне білі, ім было ўсё роўна, што я скажу". Яго пыталі, за каго ён галасаваў на выбарах, і, не дачакаўшыся адказу, наносілі ўдар.

"Хто цяпер прэзідэнт?" Нават калі адказваеш, што Лукашэнка, атрымліваеш па галаве кулаком. Аператыўнікі, якія везлі мяне, самі крычалі "Перамен", "Верым, можам, пераможам" і працягвалі біць мяне. Яны лічылі гэта вельмі смешным", — расказвае галоўны рэдактар "Нашай Нівы".

Над обвинением о неуплате коммунальных смеются даже охранники — Егор Мартинович
Ягор Марціновіч з адвакатам пасля ператрусу ў яго кватэры восенню 2020 года, тады яго затрымалі на трое сутак па крымінальным абвінавачанні ў паклёпе

На пытанне пра тое, што цяжэй за ўсё даецца ў зняволенні, Марціновіч кажа: разуменне, "што марнуеш час, які можна было б прабавіць з карысцю", а яшчэ ўсведамленне, "што гэтая сітуацыя вымотвае родных".

Марціновіч бачыў, што адбывалася з TUT.BY, разумеў, які лёс можа чакаць і яго медыя. Але з'ехаць з краіны і пакінуць калегаў, кажа, не мог, таму што "галоўны рэдактар не можа ноччу з'ехаць з краіны, а потым напісаць у рэдакцыйным чаце: "Я ў бяспецы, а вы трымайцеся". Капітан сыходзіць апошнім".

Адправіць каманду за мяжу, пакуль заставаліся ўмовы для працы ўнутры краіны, ён таксама не мог.

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Ягора Марціновіча палітвязнем. У адным з апошніх кароткіх паведамленняў з СІЗА ён расказаў пра ўмовы ўтрымання. Ён і яшчэ 19 чалавек знаходзяцца ў падвальным памяшканні, дзе няма вокнаў. Ёсць толькі невялікі праём пад столлю для вентыляцыі. Марціновіч напісаў, што задыхаецца і пакуль не можа падрабязна адказваць на лісты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі