Як будуць працаваць санкцыі ЗША: многае незразумела, але можа быць балюча
19 красавіка ЗША прынялі рашэнне "размарозіць" санкцыі супраць "Белнафтахіма" і яшчэ васьмі беларускіх прадпрыемстваў. Гэтыя санкцыі, уведзеныя яшчэ пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, з 2015 года прыпыняліся. Амерыканцы рэгулярна падаўжалі прыпыненне — апошняе дзейнічала да 26 красавіка бягучага года.
Цяпер ужо дакладна вядома, што наступнага падаўжэння прыпынення не будзе. Санкцыі зноў набудуць моц 3 чэрвеня — праз 45 дзён, якія даюцца суб'ектам гаспадарання на перабудову эканамічных адносін.
21 красавіка Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю ў падтрымку народа Беларусі. У ёй ёсць і заклік да пашырэння санкцый. Але пакуль што іх сутнасць застаецца ранейшай — забарона беларускім кампаніям з блэкліста працаваць у юрысдыкцыі ЗША і заключаць здзелкі з кампаніямі і грамадзянамі ЗША, а таксама замарозка актываў.
Паколькі санкцыі не новыя, ужо цяпер можна сказаць, што для работы прадпрыемстваў з "чорнага спіса" яны не вельмі балючыя. Амерыканскі рынак для іх не прыярытэтны. Пасля 2006 года яны працягнулі працаваць без вялікіх страт. І магчыма, разлічваюць на гэта і цяпер.
Зрэшты, ёсць і супрацьлеглае меркаванне — пра тое, што цяперашнія санкцыі нашмат больш сур'ёзныя, чым папярэднія. Маўляў, "другасныя" санкцыі, пры якіх замежныя банкі могуць адмаўляцца праводзіць доларавыя транзакцыі беларускіх кампаній, а контрагенты пачнуць згортваць супрацоўніцтва, нашмат больш небяспечныя. Еўрарадыё разабралася, на чым грунтуецца гэта меркаванне, што ў амерыканскіх санкцыях самае страшнае, ад чаго будзе залежаць іх эфект і ці будзе ён наогул.
На тыдзень раней
На думку дырэктара Савета па міжнародных адносінах "Мінскі дыялог" Яўгена Прэйгермана, у аднаўленні санкцый 19, а не 26 красавіка можа быць бюракратычны момант. Хоць у беларускага МЗС паспешлівае аднаўленне санкцый "выклікае сур'ёзныя пытанні".
— Яны ж усё роўна набываюць моц праз 45 дзён пасля апублікавання. З іншага боку, калі б былі палітычныя перадумовы чакаць, то пачакалі б. Але ўжо некалькі тыдняў таму ўсё было зразумела. Мінску было зразумела, што гэтыя санкцыі будуць адноўленыя, а Вашынгтону — што Мінск не будзе ісці на вызваленне ўсіх палітвязняў.
Тое, што Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю неўзабаве пасля аднаўлення санкцый, хутчэй фіксуе яго палітычную пазіцыю, чым павялічвае магчымасць новых санкцый, лічыць эксперт.
— Гэта частка такой амерыканскай традыцыі: калі не ведаеш, што рабіць, то падвышай націск. Не выключаю пашырэння санкцый, проста пазіцыя заканадаўчага органа гэта не нешта новае, — кажа Яўген Прэйгерман. — У рэзалюцыі ёсць моманты, звязаныя з дапамогай грамадзянскай супольнасці Беларусі. Гэта выканаўчая ўлада ЗША так ці інакш павінна будзе ўлічваць, вярстаючы бюджэты. У гэтым плане рэзалюцыя важнейшая.
Як павядуць сябе контрагенты — пытанне адкрытае
Яўген Прэйгерман адзначае, што для таго, каб другасныя санкцыі запрацавалі, ЗША не абавязкова прымаць асобныя дакументы.
— Роля ЗША абсалютна цэнтральная ў сусветнай фінансавай сістэме, і роля долара ў прыватнасці. Праз фінансавыя пляцоўкі ЗША ў кожным разе праходзіць вялікі аб'ём здзелак па ўсім свеце. Нават без прыняцця канкрэтызаванай забароны на ўзаемадзеянне з трэцімі краінамі — гэта ўжо праблема для Беларусі. У 2006–2008 гадах былі выпадкі, калі некаторыя контрагенты беларускіх прадпрыемстваў у трэціх краінах, у тым ліку ў Расіі, абмяжоўвалі сваё ўзаемадзеянне пасля прыняцця амерыканскіх санкцый.
У гэтым асноўная праблема экстэрытарыяльнасці для Беларусі: ніхто не хоча страціць грошы праз таксічных партнёраў.
— Контрагенты трэціх краін могуць пачаць дзьмуць на ваду і, нягледзячы на адсутнасць беспасярэдняй забароны з боку ЗША, на ўсялякі выпадак перарываць супрацоўніцтва. Як будуць дзейнічаць іншыя неамерыканскія контрагенты, ці не пачнуць неамерыканскія банкі адмаўляць у транзакцыях — гэта па-ранейшаму пытанне адкрытае, — дадае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.
Да таго ж у дакуменце Мінфіна ЗША ад 19 красавіка гаворыцца, што забараняюцца транзакцыі не толькі з санкцыйнымі кампаніямі, але і з прадпрыемствамі, у якіх доля кампаній з блэкліста складае 50% і больш. Прычым гаворыцца пра "валоданне прамое і ўскоснае". Што значыць "ускоснае" — не ўдакладняецца.
Давядзецца выдумляць схемы і плаціць даражэй
Калі кампаніі і банкі трэціх краін ніяк не адрэагуюць ці ЗША не стануць пашыраць санкцыі, то наступствы для забаненых прадпрыемстваў не стануць непад'ёмнымі. Бо яны ўжо працавалі ў падобным рэжыме пасля 2006 года. У адваротным выпадку перарвуцца пастаўкі прадукцыі, закупкі сыравіны або абсталявання на Захадзе.
— Але застанецца супрацоўніцтва з Расіяй. Можа быць, будуць выбудоўвацца схемы паставак і прадукцыі на захад, і закупкі абсталявання пры неабходнасці праз расійскіх пасярэднікаў. Але нават калі атрымаецца гэтыя схемы выбудаваць, гэта будзе азначаць зніжэнне маржы і прыбытку, рост транзакцыйных і лагістычных выдаткаў, — кажа Вадзім Іосуб.
У кожным разе застаецца незразумелай сітуацыя з "Белнафтахімам". Бо ў канцэрн уваходзяць флагманы беларускай прамысловасці і ён мае вялікую тавараправодную сетку за мяжой.
— Па сутнасці, ён нават не прадпрыемства ў тым сэнсе, што ён нічога не вырабляе. Гаворка ідзе канкрэтна пра прадпрыемствы, пералічаныя ў спісе, і пра прадпрыемствы, у якіх пералічаныя прадпрыемствы ёсць заснавальнікамі не менш чым на 50%.
Гэта значыць, прыналежнасць кампаніі да канцэрна яшчэ не азначае, што яна трапіць пад санкцыі.
— У нас жа канцэрн можа кіраваць, распараджацца, але юрыдычна не быць уласнікам або заснавальнікам. У гэтым выпадку не адбываецца прымяненне санкцый, хоць тэарэтычна амерыканскія ўлады могуць заняцца нейкім пашыраным тлумачэннем.
У чым тады сутнасць санкцый супраць "Белнафтахіма"?
— Напэўна, сутнасць трэба шукаць у 2006 годзе. Тады было прынята рашэнне, што гэта найбольш балюча. Тады "Беларуськалій" уваходзіў у "Белнафтахім". З тых часоў "Беларуськалій" быў юрыдычна выведзены з уладанняў "Белнафтахіма". А цяпер ЗША проста не сталі вынаходзіць нічога новага і выкарысталі санкцыйны закон, прыняты 15 гадоў таму, — працягвае Вадзім Іосуб.
Усё ж у дакуменце Мінфіна ЗША гаворыцца таксама пра ўскоснае валоданне. Таму Еўрарадыё накіравала ліст Мінфіну ЗША з просьбай удакладніць, ці трапяць пад санкцыі кампаніі, якія ўваходзяць у канцэрн, і ці не прадугледжваецца накласці санкцыі на "Беларуськалій", які ўрад зрабіў самастойным у 2014 годзе. Адказу рэдакцыя пакуль не атрымала.
А што з дыялогам?
Яўген Прэйгерман адзначае, што пасля абвяшчэння пра "размарозку" санкцый сітуацыя з "дыялогам на вуліцы" і вызваленнем палітвязняў не палепшылася.
— Ёсць абсалютна відавочная ўстаноўка з боку Лукашэнкі на ўсе санкцыі адказваць, як яны гэта называюць, сіметрычнымі дзеяннямі. Гэта значыць, не проста нават сядзець маўчаць, але і адказваць. Прычым паралельна падкрэсліваецца, што афіцыйны Мінск застаецца зацікаўленым у развіцці адносін, у тым ліку з ЗША.
Усякія саступкі ў вызваленні палітвязняў рэжым будзе ўспрымаць як страту аблічча.
— На гэта ніхто не пойдзе, тым больш ёсць поўная падтрымка з боку Расіі. І гэта падтрымка будзе працягвацца. Мы бачым рост канфрантацыі паміж Расіяй і ЗША, Расіяй і Захадам, — робіць выснову эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.