Як мінскі гандляр насваем вучыць правільна купляць яго тавар (ВІДЭА)

Сюжэт Еўрарадыё аб продажы насваю ў цэнтры Мінска выклікаў абурэнне. Ад часу публікацыі матэрыялу прайшоў, лічы, месяц. Таму зноўку наведваемся на тое самае месца ў раёне Камароўкі. Аказваецца, руплівы гандаль насваем там працягваецца. Пакупнік прыстройваецца да пакупніка, а прадавец сустракае кліентаў, седзячы на крэсле, як кароль на троне.

Нагадаем, што насвай — гэта псіхаактыўная сумесь зялёнага колеру, якую гатуюць з тытуню, вапняку і вярблюджых ці курыных фекаліяў. Таму праз інгрэдыенты гэтую штуковіну ў народзе часам называюць “га.но”. Насвай пакуль не ўваходзіць у рэспубліканскі наркапералік, аднак моцна “б’е па галаве” і нясе небяспеку заразіцца інфекцыямі праз дадаткі памёту ці кізякоў.

Як ужо паведамляла Еўрарадыё, супраць “топ-менеджараў” мінскай насвайнай кропкі ў 2013 годзе завялі крымінальную справу па артыкуле “Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць”. Але падазраваныя не спалохаліся. Цягам следства аднаго з фігурантаў затрымалі і канфіскавалі ў яго 40 кг насваю. Атрымліваецца, за дзень ён планаваў прадаць тавар больш як тысячы кліентаў. Увогуле наркакантроль “накрываў” гэтае месца па некалькі разоў на месяц. Прадаўцы там увесь час мяняліся. Ім выпісвалі штраф на суму ад 650 тысяч да 1,3 мільёна рублёў, і тыя вярталіся на свой промысел. Здаралася, за дзень хлопцы зараблялі чыстымі тысячы даляраў.

Нягледзячы на сітуацыю, крымінальную справу нечакана прыпынілі. Як патлумачылі тады ў Следчым камітэце, гандаль насваем, паводле беларускага заканадаўства, не могуць трактаваць як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Але нядаўна над прадаўцамі навісла новая пагроза.

У цяперашні момант расследаванне крымінальнай справы адноўленае. Цягам следства будуць высветленыя ўсе акалічнасці і дадзеная прававая ацэнка дзейнасці фігурантаў”, — паведамляюць Еўрарадыё ў аддзеле інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі.

Пункт у раёне Камароўкі — безумоўна, не адзінае месца, дзе ў нашай краіне прадаюць насвай. Аналізуем усе паведамленні міліцэйскіх сайтаў па канфіскацыях гэтай сумесі. Аказалася, толькі цягам гэтага года наркапаліцэйскія затрымалі больш як шэсць цэнтнераў насваю: у Віцебску, Гродне, Гомелі, Магілёве, Мінску і абласцях. Сярод буйных распаўсюднікаў “прынялі”, напрыклад, віцебскую пенсіянерку і кіроўцу аўтобуса з магілёўскай дзіцячай спартыўнай школы. У сакавіку на шашы Мінск-Гродна спынілі бус, у якім перавозілі… 565 кг насваю.

Праблему ведаюць, і яна выклікае заклапочанасць. Сумесна з МУС над яе вырашэннем працуюць”, — каментуе для Еўрарадыё Пётр Кісялёў, начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генпракуратуры.

Насвай актыўна распаўсюджваюць у Беларусі доўгія гады. Ідэю цалкам спыніць гэты бізнес прапанаваў кіраўнік Упраўлення па наркакантролі МУС Мікалай Карпянкоў. Ён жа сёлета ў чэрвені падчас антынаркатычнай прэс-канферэнцыі расказаў журналістам, што ў міліцыю ўвесь час звяртаюцца бацькі няпоўнагадовых спажыўцоў. І калі наркакантроль паставіў камеры побач з гандлёвымі пунктамі, выявілася, што насвай купляюць дзеці ва ўзросце ад 13 гадоў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі