Як працуе Еўразійскі эканамічны саюз і чаго пяць краін дасягнулі за пяць гадоў
Сёння Аляксандр Лукашэнка ляціць у Нур-Султан на ўрачыстасці з нагоды пяцігоддзя Еўразійскага эканамічнага саюза. Пагадненне пра яго было падпісанае 29 траўня 2014 года. Што было зроблена за пяць гадоў, ці спраўдзіліся чаканні сяброў арганізацыі, якія выклікі яе чакаюць? На гэтыя пытанні ў грунтоўным даследаванні “The Eurasian Economic Union: Expectations, Challenges, and Achievements” адказвае дырэктар EAST Research Сentеr Андрэй Елісееў.
30-старонкавы дакумент складзены на англійскай мове ў навуковым стылі і часам складаны для разумення. Еўрарадыё разабралася ў ім і прапануе вам кароткі пераказ сутнасці даследавання.
Пытанне легітымнасці
Андрэй Елісееў заўважае, што ў Беларусі падчас уступлення ў ЕАЭС не было палітычнай апазіцыі ў парламенце. Пяць гадоў таму пагадненне аб уступленні было прынятае дзвюма палатамі аднагалосна. Падобная сітуацыя назіралася і ў іншых краінах — сябрах ЕАЭС. У Казахстане ніжняя палата парламента прагаласавала аднагалосна, з верхняй палаты ўстрымаўся толькі адзін чалавек. У Расіі таксама ўстрымаўся толькі адзін чалавек.
У трох краінах — заснавальніцах ЕАЭС: Беларусі, Казахстане і Расіі — не была праведзена грамадская дыскусія пра мэтазгоднасць удзелу ў саюзе.
У Арменіі, якая далучылася да ЕАЭС у кастрычніку 2014 года, з пяці апазіцыйных партый у парламенце была прадстаўленая толькі адна. Сем дэпутатаў ад партыі “Спадчына” прагаласавалі супраць уступлення ў ЕАЭС, у тым ліку і цяперашні прэм’ер-міністр краіны Нікол Пашынян. Але, як мы ведаем цяпер, Пашынян не плануе адмаўляцца ад эканамічнай кааперацыі ў межах саюза.
Пытанне падтрымкі
Штогадовыя сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што падтрымка еўразійскай інтэграцыі сярод яе сяброў стабільна высокая. Падчас эканамічнага спаду ў 2016–2017 гадах яна знізілася, але і надалей застаецца значнай.
Узровень узаемнага даверу сярод сяброў ЕАЭС таксама даволі высокі. Рэспандэнты з Беларусі разлічваюць на дапамогу не толькі Расіі (79 %), але і Казахстана (45 %) і Арменіі (30 %). У сваю чаргу, 81 % насельніцтва Казахстана разлічвае на падтрымку Расіі, Беларусь для казахаў на другім месцы (42 %), на трэцім — Кыргызстан (33 %).
Чатыры кіты ЕАЭС
Адзін з чатырох асноўных інстытутаў ЕАЭС — Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет, які складаецца з кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС і склікаецца раз на год (але можна і часцей).
Часам Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет рабіўся інструментам ціску з боку адных партнёраў на іншых. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка адсутнічаў на саміце ў снежні 2016 года падчас газавай вайны з Расіяй. На пачатку 2019 года расійскі ўрад заявіў, што Беларусь наўмысна замінае працы еўразійскіх органаў. Маўляў, такім чынам наша краіна спрабавала паўплываць на цэны на энерганосьбіты.
Для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў сябры эканамічнага пагаднення могуць скарыстацца дапамогай іншай інстытуцыі ЕАЭС — Еўразійскай эканамічнай камісіі. Але, як заўважае Андрэй Елісееў, Расія працуе на тое, каб падрываць дзейнасць гэтага органа. У 2017 годзе ЕЭК наклала штраф у $3,5 млн на расійскае металургічнае прадпрыемства ў Наваліпецку, якое займаецца экспартам у Беларусь і Казахстан. Але дастаткова было прэм’ер-міністру Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву звярнуцца ў вышэйшы орган — Міжурадавы савет ЕАЭС, — як рашэнне пра пакаранне за парушэнне правілаў канкурэнцыі было заблакаванае.
Асобнай інстытуцыяй стаіць Суд ЕАЭС, куды сябры арганізацыі могуць звяртацца для вырашэнне праблем. Але зноў узнікае пытанне даверу: ці не выкарыстае Расія рычагі свайго ўплыву ў гэтым органе ўлады? Хаця, як канстатуе эксперт, станоўчыя прыклады працы наднацыянальнай судовай сістэмы былі.
Эканамічныя войны ніхто не адмяняў
Асноўным стымулам сяброўства ў ЕАЭС для Беларусі застаюцца льготныя ўмовы пастаўкі расійскай нафты і газу. За “эканамічную шчодрасць” Расіі даводзіцца плаціць геапалітычнай лаяльнасцю і вайсковым супрацоўніцтвам.
Нізкія цэны на расійскі газ, выгадныя схемы перапрацоўкі расійскай нафты, адкрыты рынак для беларускіх тавараў і іншыя формы расійскай фінансавай дапамогі дазволілі Лукашэнку адкладаць эканамічныя рэформы. Але апетыты Расіі растуць: тут можна прыгадаць нявырашанае дагэтуль пытанне кампенсацыі за падатковы манеўр, а таксама гандлёвыя войны, газавыя ды малочныя. Плюс новы праект рэінтэграцыі ад Расіі, які яна запрапанавала ажыццявіць у межах Саюзнай дзяржавы.
Галоўным рухавіком эканамічнага саюза застаецца Расія, там жыве 80 % насельніцтва ЕАЭС. З іншага боку, Расія праз структуры ЕАЭС можа запавольваць эканамічныя дачыненні паміж суб’ектамі, калі яны пярэчаць яе фінансавым інтарэсам. Еўразійская эканамічная камісія ўвогуле не мае права аспрэчваць дзеянні сяброў ЕАЭС у судзе, судзіцца могуць толькі краіны паміж сабой. Але да судовых цяжбаў паміж краінамі даходзіць рэдка, яны спрабуюць вырашаць праблемы на ніжэйшым узроўні. Пакуль толькі аднойчы краіна пачала справу ў Судзе ЕАЭС. І, увага, гэта была Расія супраць Беларусі ў справе транзіту калінінградскіх тавараў праз нашу краіну. У судовым разборы перамагла Расія.
Хто яшчэ можа далучыцца да ЕАЭС
У пэўнай ступені ЕАЭС ствараўся ў супрацьдзеянне “экспансіі” Еўрасаюза ў рэгіён Усходняй Еўропы. Але для той жа Украіны, Грузіі і Малдовы “Усходняе партнёрства” куды больш прывабнае, чым геапалітычныя і эканамічныя праекты Крамля.