Як у Маскве адбываліся беспарадкі (відэа)

13 кастрычніка ў Маскве натоўп, да якога далучыліся нацыяналісты і футбольныя фанаты, граміць спачатку гандлёвы цэнтр "Біруза", а пасля базу гародніны ў раёне Бірулёва. Паліцыя затрымоўвае 400 чалавек, якія ўдзельнічаюць ў пагроме, а на наступны дзень праводзіць рэйд на базе і затрымоўвае 1200 мігрантаў.

Усё пачынаецца з таго, што людзі патрабуюць знайсці забойцаў 25-гадовага Ягора Шчарбакова. Уначы хлопца закалоў нажом на вачах у яго дзяўчыны нейкі чалавек. Паводле слоў самой дзяўчыны, забойца мог быць выхадцам з Каўказа або з Цэнтральнай Азіі.

За некалькі дзён злачынцу не знаходзяць, таму людзі выходзяць на народны сход. Але пратэст перарастае ў сутычкі з АМАПам і пагром гандлёвага цэнтра і базы гародніны. Па дарозе на базу натоўп разбівае іншыя кіёскі і крамы.

Чым не дагадзіла менавіта гэтая база і гандлёвы цэнтр?

Тут, на думку ўдзельнікаў акцыі, звычайна збіраюцца мігранты. А значыць, мог хавацца забойца. Жыхары раёна гэта месца не любяць.

"Гуляеш з дзецьмі, а яны могуць міма прайсці кампаніяй за грудзі паціскаць, за жо*у палапаць. Яны нас не паважаюць. Лічаць, што мы жанчыны лёгкіх паводзінаў і можам ім спакойна даць", — распавядаюць мясцовыя жыхаркі каналу "Расія 24".

Палітык Аляксей Навальны ў сваім блогу публікуе скаргі на базу гародніны. Аказваецца, людзі былі незадаволеныя яшчэ 2 гады таму.

"Гэты аб'ект стаў велізарнай праблемай — на базе кішаць нелегалы, многія жывуць тут на раёне, а па начах займаюцца грабяжом. Такія аб'екты трэба больш жорстка курыраваць і выводзіць за межы Масквы".

На наступны дзень, 14 кастрычніка, калі пачаліся суды над пагромшчыкамі, разгромленую базу гародніны ў Бірулёве зачынілі, а праваахоўнікі правялі "прафілактычны рэйд", падчас якога затрымалі ўжо 1200 мігрантаў.

На тэрыторыі базы знайшлі аўтамабіль з мільёнам расійскіх рублёў і зброяй у салоне.

На пачатку жніўня 2013 паліцыя ў Маскве затрымала больш за тысячу мігрантаў на сталічным рынку "Садавод". Тады кадры, калі затрыманых мігрантаў вялі, як злачынцаў, абурылі некаторых людзей.

Цяпер жа Аляксей Навальны заклікае ўвесці візавы рэжым з краінамі Сярэдняй Азіі і Закаўказзя. І людзі падтрымліваюць, за гэта ўжо падпісаліся больш за 8 тысяч чалавек.

А 15 кастрычніка ў Маскве адзначаюць Курбан-байрам.

Фота — gazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі