Як выглядаюць штабы кандыдатаў знутры (фота)
Сяргей Гайдукевіч
Выбарчы штаб лідара ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча знаходзіцца даволі далёка ад цэнтра горада — у ваколіцах плошчы Бангалор на Арлоўскай. “Гэты будынак мы спецыяльна арганізавалі для выбарчага штабу. У нас у горадзе ёсць яшчэ некалькі партыйных памяшканняў”, — расказваюць паплечнікі Гайдукевіча. Праходжу ў нешырокія дзверы, заўважаю металічныя краты. Далей дзяўчына ў прыёмным пакоі і доўгі вузкі калідор з памяшканнямі з абодвух бакоў.
“Гэта раней быў банк. Таму краты на дзвярах. А цяпер мы тут. Адначасова пяць чалавек працуе на заробках. Але калі што, то можам шмат змясціць — тут усё нашае ажно вунь туды”, — чую ад кіраўніка штаба Гайдукевіча-малодшага, які шматсэнсоўна махае рукой удалечыню.
Свайго пастаяннага месца ў Сяргея Гайдукевіча няма. Прынамсі, мне яго не паказалі: “Дзе ёсць месца, там і працуе”. Месцаў для працы дастаткова — шмат утульных крэслаў, шырокіх сталоў. Нармальны такі штаб.
Таццяна Караткевіч
Падчас кампаніі 2010 года ў кандыдата “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева было некалькі офісаў, дзе кіпела выбарчая дзейнасць. Але каманда Караткевіч працуе ў зусім іншым памяшканні — на Ленінградскай, побач з чыгуначным вакзалам.
Штаб Таццяны Караткевіч размяшчаецца ў звычайнай (хоць і вялікай) кватэры. У калідоры цесна, пакоі запоўненыя скрынкамі, плакатамі і сталамі з камп’ютарамі. Сама кандыдатка працуе ў кабінеце з вялікім плакатам Някляева на сцяне. Відаць, для натхнення. У калідоры ровар са стужкай-вышыванкай, у адным з пакояў невядомы хлопчык. Здаецца, што за наступнымі дзвярыма ўбачу матрацы і дзясятак актывістаў у спальніках. Яшчэ ёсць кухня. Можна папіць гарбаты з кавай альбо чаго іншага.
Мікалай Улаховіч
У кандыдата і атамана, нягледзячы на шырыню казацкай душы, штаб самы маленькі. Нават наша рэдакцыя большая. Знаходзіцца ён на вуліцы Мар’еўскай недалёка ад кінатэатра “Мір” на трэцім паверсе новага офіснага будынка і займае адзін невялікі пакой. Сталы для кандыдата, кіраўніка яго штаба і сакратаркі. На сцяне партрэт самога Улаховіча, вялізная мапа Мінска, у куце — сцягі. Дзяржаўны і вялікі бэжавы з надпісам “Беларускае казацтва”. На падваконні вялізная ікона ў пазалочанай раме.
Трапіць у выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі не атрымалася. Ні ў Федэрацыі прфсаюзаў Беларусі, ні ў "Белай Русі" не змаглі патлумачыць, дзе ён фізічна знаходзіцца.