Янукевіч: Каб закрыць усе ўчасткі назіральнікамі, няма ні рэсурсаў, ні патрэбы
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у жывым эфіры расказаў журналістам Еўрарадыё Змітру Лукашуку і Алесю Пілецкаму, чаму не верыць у магчымасць перамогі на парламенцкіх выбарах і чаму айчынная апазіцыя не здольная выставіць шмат кандыдатаў у дэпутаты.
Размову з Аляксеем Янукевічам можна паслухаць цалкам:
11 найлепшых цытат з размовы з Аляксеем Янукевічам
У Партыі БНФ трэці вынік па колькасці вылучаных кандыдатаў пасля ЛДПБ і АГП — 60 чалавек. Калі б выбары сапраўды былі сумленнымі і вылучаныя намі кандыдаты трапілі ў парламент, то мы б там фарміравалі большасць.
Такую (вялікую) колькасць кандыдатаў Партыя БНФ выстаўляе ўпершыню за 25 гадоў свайго існавання.
Трэба шчыра прызнаць: у асобных рэгіёнах, да прыкладу, у Гомельскай вобласці, у нас хоць і ёсць структуры, але няма людзей, якія б пагадзіліся стаць кандыдатамі ў дэпутаты. Людзі асцерагаюцца, што давядзецца сутыкнуцца з уціскам.
Сёлетняя выбарчая кампанія па ўзроўню свабоды нічым не адрозніваецца ад кампаніі 2012 года, хоць і лічылася, што тады часы былі вельмі суровыя. Механізм адпрацаваны: адносная свабода падчас агітацыі, але жорсткі кантроль на этапе фарміравання выбарчых камісій і падліку галасоў.
У Алеся Лагвінца і Андрэя Дзмітрыева былі яркія кампаніі на этапе збору подпісаў, але шчыра, калі казаць пра рэзананс у рэгіёне, то Іван Шэга ў Слоніме мае значна больш яркую кампанію, чым абодва названыя паважаныя мной калегі. Тым не менш і “Моладзь БНФ” рыхтуе на час кампаніі шэраг цікавых перфомансаў, і самі кандыдаты яшчэ здзівяць грамадства.
Глабальна і стратэгічна кампанія байкоту дэмабілізуе беларускае грамадства. А нам патрэбна мабілізацыя: сёння і, што больш важна, на перспектыву.
Спадзяванні асобных прадстаўнікоў апазіцыі прайсці ў парламент абсалютна марныя: прадстаўнікі апазіцыі і нават незалежныя дэпутаты Лукашэнку не патрэбныя.
Дэпутаты не ініцыявалі ніводнага законапраекта. А калі з’явіцца чалавек, які валодае гэтым правам, мае такія прапановы і пачне гэта ініцыяваць, то гэта будзе новая сітуацыя.
Сумесна мы плануем вылучыць звыш 1 тысячы назіральнікаў. І будзем канцэнтраваць высілкі па назіранні на асобных акругах. Закрыць усе ўчасткі для галасавання ў нас няма ні чалавечага, ні арганізацыйнага рэсурсу, такой задачы і няма.
Ідзём да выбаршчыкаў з праграмай, якая мае тры пасылы: эканамічныя рынкавыя рэформы, сацыяльная адказнасць дзяржавы перад грамадзянамі, умацаванне нацыянальнай бяспекі і нацыянальнай ідэнтычнасці.
Моўнае пытанне педаліруецца толькі тымі, хто адстойвае інтарэсы рускага свету. На самай справе, гэта пытанне не моўнае, а палітычнае: ці мае Беларусь свае нацыянальныя інтарэсы і права іх адстойваць?
Нейкі адзін законапраект кардынальна не зменіць сітуацыі – неабходны пакет.
Фота Алеся Пілецкага