Чым пагражае жаданне Трампа далучыць да ЗША новыя землі — меркаванне экспертаў
Трамп прапануе свету старыя правілы гульні, дзе правы той, хто мацнейшы
Яшчэ не ўступіўшы на пасаду прэзідэнта ЗША, Дональд Трамп агаломшыў усю сусветную грамадскасць сваім жаданнем далучыць да краіны Канаду, востраў Грэнландыя, які ўваходзіць у склад Даніі, і атрымаць на закуску кантроль над Панамскім каналам.
У кантэксце вайны ва Украіне, якую паўнамасштабным чынам трэці год вядзе Уладзімір Пуцін, падобна на тое, што свет імкліва вяртаецца ў мінулае, калі вялікія і ўплывовыя дзяржавы дзялілі тэрыторыі гвалтоўным чынам.
Ці такой расклад нас чакае ў будучыні? На гэтае пытанне Еўрарадыё адказалі юрыстка-міжнародніца Екацярына Дэйкала і гісторыкі Аляксандр Фрыдман і Яўген Красулін.
Не перадзел свету, а фактар асобы
Дамаганні Дональда Трампа да тэрыторый краін-хаўрусніц, агучаныя 7 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мар-а-Лага, юрыстка Кацярына Дэйкала прапануе не ўспрымаць як працяг палітыкі Крамля.
“Усе тэрытарыяльныя пытанні ў міжнародным праве маюць сталую гісторыю. І звязваць гэта з тым, што калі Пуцін захацеў разабрацца з Украінай, то і астатнія краіны дасталі з шафы свае набалелыя тэрытарыяльныя пытанні, якія трэба неадкладна вырашыць, думаю, не варта”.
Экспертка звяртае ўвагу, што жаданне здабыць Грэнландыю — гэта даўняе памкненне кіраўніцтва ЗША, якое ўпершыню з’явілася яшчэ ў XIX стагоддзі. Да таго ж ЗША маюць на востраве вайсковыя базы для абароны рэгіёна.
“Тэма так званага “тэрытарыяльнага пытання” заўсёды існавала. Проста яна перыядычна размарожваецца, калі прыходзіць чарговы палітык, які прагне яе вырашыць раз і назаўсёды. Вось як цяпер Трамп, які прадэманстраваў сябе як палітыка, які рубіць з пляча і мае свае ўяўленні пра светаўладкаванне, якія зусім не вяжуцца ні з міжнародным правам, ні са здаровым сэнсам.
Я думаю, што ён казаў бы гэта, нават калі б не было вайны [ва Украіне]. Гэта ўсё асоба Трампа і яго ўласнае жаданне неяк велічна застацца ў гісторыі”.
Ці дабіваюць такія заявы амерыканскага палітыка і без таго не самую надзейную сістэму міжнароднага права і бяспекі, сфарміраваную пасля Другой сусветнай вайны?
Кацярына Дэйкала лічыць, што гэта сапраўды нясе адмоўны эфект.
“З аднаго боку, так, бо мы бачым, што пасля вялікага ўрока Другой сусветнай і сучаснага міжнароднага права, якое паўстала пасля гэтай катастрофы, пачалася вайна ў Еўропе. І на яе міжнародная супольнасць вось ужо тры гады не можа адэкватна адказаць.
Сённяшні крызіс паўстаў праз недасканаласць існай сістэмы: з ААН і яе Радай Бяспекі, правам вета чальцоў-заснавальнікаў і г. д. Яна не дае адказаць нейкім іншым чынам на сённяшні ўкраінскі канфлікт і заявы Трампа”.
Пры гэтым экспертка падкрэслівае, што сучаснае міжнароднае права — гэта вынік максімальнага магчымага кампрамісу на сённяшні дзень.
“Яно дзейнічае паводле прынцыпу эфектыўнасці — пакуль яно існуе, значыць міжнародная супольнасць лічыць, што лепей так, чым па-іншаму. Як толькі нейкая інстытуцыя ці дамоўленасці адміраюць і становяцца сапраўды непатрэбнымі, яны знікаюць. Так было з Лігай Нацыяў.
Сітуацыя, якая пагражае ядзернай зброяй, стварае дадатковы фактар таго, што дзяржавы не гатовыя зараз рабіць рэзкіх рухаў. Але ж калі большасць міжнароднай супольнасці ў будучым вырашыць, што сістэму трэба змяніцца — яна зменіцца"
Гісторыя, якая ніколі і не заканчвалася
Сітуацыю з прэтэнзіямі Трампа на Канаду, Грэнландыю і Панамскі канал палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман успрымае як спробу барацьбы за перадзел свету і ўсталяванне новага сусветнага парадку.
“Тут нічога прынцыпова новага няма. Тыя ж тэндэнцыі, тыя ж войны за тэрыторыі. Пагрозы, якія мы чуем, — гэта ж было і ў другой палове ХХ стагоддзя, пасля Другой сусветнай вайны. Гэтага не было ў Еўропе доўгі час, а цяпер зноў з’явілася. А ў Афрыцы і Азіі гэтыя канфлікты нікуды і не знікалі”.
Эксперт кажа, што цяпер у падзел уключылася яшчэ і Расія са сваім звычайным рэваншызмам з далучэннем тэрыторый.
“Крэмль разважае пра гісторыю, але яго цікавяць таксама і рэсурсы Украіны. І гэта моцна пераклікаецца з еўрапейскім каланіялізмам другой паловы XIX стагоддзя. То-бок гэта працяг гісторыі, якая ніколі і не заканчвалася.
І словы Трампа — не проста словы, а цалкам сфармуляванае жаданне, якое толькі патрабуе пэўнай рэалізацыі”.
Трамп першага прэзідэнцкага тэрміна адрозніваецца ад сваёй сённяшняй, больш небяспечнай версіі, якая няшмат чым абмежаваная.
“Ёсць такое адчуванне — яно відавочнае ў амерыканскім і еўрапейскім грамадствах, — што зараз будзе нешта такое, што карэнным чынам можа змяніць увесь заходні свет. Тое, што Трамп кажа ў дачыненні да амерыканскіх партнёраў і саюзнікаў, — гэта проста нешта нечуванае. Такое раней цяжка было ўявіць.
Але ў Еўропе такі сцэнар разглядаецца хай і не як цалкам рэальны, але як магчымы”.
Эксперт кажа, што не варта параўноўваць імперыялістычныя памкненні Пуціна і Трампа.
Першы хутчэй імкнецца ўзяць рэванш за паразу ў халоднай вайне і застацца ў гісторыі не толькі як прадстаўнік пакалення лузераў. Другі нацэльваецца ў будучыню і тлумачыць, навошта ЗША патрэбна і Грэнландыя, і Канада.
Але ваенным чынам Трамп наўрад ці стане дамагацца сваіх мэтаў.
“Не думаю, што ён пойдзе ў такім напрамку. Войны могуць працягнуцца, але на звыклых для ЗША тэрыторыях: Блізкім Усходзе, Афрыцы. Каб Трамп ваяваў з Канадай ці Даніяй — такога не будзе.
Тым не меней гэта вельмі ваяўнічы стыль паводзін, і Пуціну будзе вельмі цяжка паразумецца з такім геапалітычным альфа-самцом з іншага паўшар’я. Паводзіць сябе нецывілізавана для Трампа — гэта нармальна”.
Фрыдман не выключае і вайсковага супрацьстаяння паміж Расіяй і ЗША, бо не да канца зразумелыя памкненні Пуціна ва Украіне.
“Мы не ведаем, гэта канчатковая мэта Крамля, каб атрымаць павагу і ўлічванне інтарэсаў з боку краін Захаду. А магчыма, гэта толькі першая частка плана, за якімі пойдуць войны ў напрамку іншых краінаў і тэрыторый. Гэта ўсё яшчэ адкрытае пытанне <…>. Мы цяпер пражываем вельмі небяспечныя часы, вынікам якіх можа стаць Трэцяя сусветная вайна — а магчыма, яна ўжо і ідзе”.
Хто моцны — той і мае рацыю
Расійскія Z-блогеры з натхненнем успрынялі заяву Трампа пра жаданне далучыць Канаду і Грэнландыю як вяртанне прынцыпу апошніх двух стагоддзяў — хто моцны, той і мае рацыю і можа рабіць што хоча з больш слабымі дзяржавамі.
Але гісторык Яўген Красулін не падзяляе імпэту расійскай ваеннай прапаганды.
“Усё ж вяртанне заходняга свету ў XIX стагоддзе немагчымае, як бы Трамп ні ствараў неабходнае ўражанне. Самі прынцыпы і падыходы да вырашэння праблемы ўжо не тыя, што раней.
Трамп, можа, і рады быў бы выкарыстаць ваенную сілу ці эканамічны шантаж, але змяніўся светапогляд, каштоўнасці, стаўленне да чалавечага жыцця, стаўленне да нацыяў і народаў. І тут рэалізацыя планаў амерыканскага прэзідэнта можа сутыкнуцца з праблемамі. Хутчэй за ўсё, агучаныя пытанні будуць вырашацца ў мірным рэчышчы”.
Да таго ж, калі вяртацца да вайны ва Украіне, Расія з пазіцыі Трампа не выглядае як моцны гулец.
“Моцныя гульцы — гэта ЗША і Кітай. А Расія — гэта так, не лавец рыбкі ў мутнай вадзе, а сама такая рыбка, якой могуць скарыстацца сапраўдныя і ўплывовыя дзяржавы свету. Бо ў яе проста няма рэсурсаў супрацьстаяць Кітаю і ЗША, так што на месцы ваенкараў я б не радаваўся”.
Гісторык кажа, што вяртання ў мінулае, дзе народы не вырашаюць свой лёс, сёння не адбудзецца.
“Без сур’ёзных зменаў, у тым ліку ў краінах Захаду, міжнароднай палітыцы і праве, масмедыя, такое проста немагчыма ўявіць. Вяртанне ў час, калі некалькі вялікіх дзяржаў вырашалі лёс усяго свету, малаімавернае.
Але цалкам выключаць такое развіццё падзей не варта. Дадзім 5% са 100%, што такая будучыня нас чакае”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.