Старшыня Цэнтрвыбаркама рэзка адказаў Бондаравай наконт беларускай мовы
Ігар Карпенка
Старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка рэзка адказаў прапагандыстцы "рускага свету" Вользе Бондаравай. Яна абуралася, што выбарчыя бюлетэні ў Беларусі надрукаваныя толькі па-беларуску.
"Мы ў адкрытым галосным фармаце, была трансляцыя на сайце ЦВК у рэжыме анлайн, разгледзелі і прынялі пастанову адносна бюлетэня. Прынялі калегіяльнае рашэнне, за якое прагаласавалі. Значыць, гэта рашэнне павінна выконвацца ўсімі дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі, якія прымаюць удзел у галасаванні", — прыводзяць словы Карпенкі дзяржаўныя СМІ.
Не называючы Бондараву па імю, ён заявіў, што некаторыя грамадзяне "праяўляюць гэтую непатрэбную актыўнасць адносна таго, на якой мове будзе выпушчаны бюлетэнь".
Беларуская мова для рэжыму Лукашэнкі з'яўляецца маркерам апазіцыйнасці. Падчас падзеяў 2020 года былі неаднаразовыя сведчанні, што беларускамоўных пратэстоўцаў білі мацней, чым рускамоўных. Аднак пазіцыя Бондаравай, якая вядзе наступ на поўнае выкараненне беларускай мовы, не атрымлівае афіцыйнай падтрымкі: улады пакуль што пакідаюць за беларускай мовай дэкаратыўную функцыю, як у часы позняга СССР.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.