"Нейкая шваль у Гродне" — Марзалюк, Тур і Васкрасенскі абурыліся Бондаравай

Прапагандысты абрынуліся з крытыкай на Бондараву

Прапагандысты абрынуліся з крытыкай на Бондараву / СТБ

На беларускім дзяржаўным тэлеканале СТБ у праграме пра выбары прапагандысты нечакана пачалі крытыкаваць прарасійскую актывістку з Гродна Вольгу Бондараву і яе паплечнікаў. Праграма выйшла ў эфір увечары 19 лістапада.

Дэпутат Ігар Марзалюк назваў псеўдапатрыётамі Бондараву з паплечнікамі. У прыватнасці, ён абурыўся "наездамі" на беларускую мову.

"Калі нейкая шваль у Гродне, працягваючы працаваць у медыцынскай установе, заяўляе, што для яе беларускі пашпарт — гэта проста кавалак паперкі, калі яна называе мову "мойвай", калі яны зневажальна ставяцца да беларускай улады, калі яны цкуюць міністра культуры, то гэтыя людзі, якія нібыта патрыятычна настроеныя і махаюць не бел-чырвона-белым, а чырвона-зялёным, яны робяць тое самае і ствараюць негатыўны імідж у электаральную кампанію", — заявіў дэпутат.

Падтрымаў яго і тэлепрапагандыст Ігар Тур. Прычым ён намякнуў на тое, што на Бондараву могуць пачаць крымінальную справу: "Што датычыць таго, што яны нібыта вось такія людзі, там, патрыёты, то ў матэрыялах справы потым будзе пазначана са слоў самога апытанага: "Яны лічаць сябе патрыётамі".

Далучыўся да іх і Юрый Васкрасенскі. Ён назваў беларускую мову святой і недатыкальнай. Таксама ён заявіў, што з моладдзю трэба актыўна працаваць і не крыўдзіць яе: "Таму што ў нас ужо пайшлі тут тэндэнцыі змагацца з квадроберамі, з Хэлоўінам. Ну, падумаеш, пяць дзяцей нейкіх пабегалі з хвастамі. Гэта значыць, людзей нельга крыўдзіць, таму што ніколі моладзь пад якімі б там ні было артыкуламі не прымусіш любіць тое, што ім не зайшло. Трэба ствараць якасны прадукт, які ім зойдзе". Як вядома, Бондарава таксама актыўна ваюе і супраць квадробераў, і супраць Хэлоўіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі