Канцэрт расійскага рок-гурта ў Мінску адмянілі пасля даносу Бондаравай

Афіша гурта "Псіхея"

Афіша гурта "Псіхея" / "Псіхея"

У мінскім клубе "Рэактар" адмянілі канцэрт расійскага рок-гурта "Псіхея", прызначаны на 21 верасня.

Як заўважыла "Наша Ніва", гэта адбылося пасля таго, як 10 жніўня прарасійская актывістка Вольга Бондарава напісала пост, дзе абурылася выступам музыкаў у Беларусі.

Прадметам яе абурэння стала песня "Забі мянта", якую ў Расіі прызналі экстрэмісцкай у 2010 годзе. З таго часу музыкі не гралі яе на канцэртах.

Выступ расійскіх рокераў Бондарава звязала з прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года ў Беларусі: "Перад выбарамі клікаць у краіну экстрэмістаў — гэта трэба быць ну вельмі неверагодным. Цікава, ГУБАЗіК нам раскажа, хто ж гэта такі ў Брэсцкай аблфілармоніі? А ў клубе "Рэактар"?"

У самім Інстаграм-акаўнце "Псіхеі" напісана, што канцэрт адмянілі "па незалежных ад гурта прычынах".

Рок-гурт "Псіхея" быў створаны ў горадзе Курган у 1995 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі