Пагаварылі з членамі банды Бондаравай, якія пайшлі вайной на блогера ДзімДзімыча

Пагаварылі з "калегамі" Бондаравай

Пагаварылі з "калегамі" Бондаравай / @rubanau_collage

Паплечнікі інфаказачкі Вольгі Бондаравай, якія называюць сябе "Беларусамі за маральнасць", паскардзіліся Юрыю Караеву на папулярнага моладзевага ютубера Дзмітрыя Сіўчыка (ДзімДзімыча).

Яны сцвярджаюць, што блогер прасоўвае нетрадыцыйныя каштоўнасці, спявае дзівацкія песні, прапагандуе наркотыкі і кантактуе з публічнымі асобамі, якія не падтрымалі вайну ва Украіне.

Еўрарадыё пагутарыла з некалькімі даносчыкамі і высветліла, чым ім так не дагадзіў ДзімДзімыч.

 

"Адчапіцеся са сваімі тупымі пытаннямі"

Хтосьці з паплечнікаў Бондаравай не браў слухаўку, некаторыя адмаўляліся размаўляць, пакуль не пачуюць прозвішча журналіста, а хтосьці, пачуўшы, што ім тэлефануюць з Еўрарадыё, адразу ж клаў слухаўку.

Адкуль вы? Еўрарадыё? Адчапіцеся са сваімі тупымі пытаннямі.

Былі і такія цікавыя адказы:

На конт чаго вы тэлефануеце? Наконт таго, чый Крым? (смяецца). Я не хачу з вамі размаўляць, вы ўсё пераварочваеце, а наогул мяне хвалюе будучыня маіх дзяцей, да пабачэння!

 

"ДзімДзімыч вашгэта дзяўчына"

Вядома, мы пагутарылі і з такімі, хто быў настроены на дыялог.

Напрыклад, адна жанчына ясна дала зразумець, што ДзімДзімыч не дагадзіў ёй, таму што апранаецца ў ружовы колер.

Я дарослы чалавек, бабуля, а ён у ружовы апранаецца. Гэта што атрымліваецца? Гаворка ўжо пра нацыянальныя ўстоі, разумееце? Чаму вы мне наогул тэлефануеце? Вядома, я дапамагала Вользе Бондаравай! А што, мае сваякі загінулі, каб яны ў ружовым хадзілі? Я гляджу на мужыкоў гэтых, якія ў ружовым ходзяць, і я лічу, што гэта не мужчыны — гэта дзяўчаты. Нічога смешнага ў гэтым няма, усё пачынаецца з малога. Выбачайце, я на сваёй памяці помню, што хлопчыкі ў ружовым не хадзілі. Жоўты апраналі, зялёны апраналі, гэта праўда, так што здымайце ружовы колер, а там ужо будзем глядзець, што будзе далей. ДзімДзімыч ваш — гэта дзяўчына.

— Яго з-за ружовага колеру трэба пасадзіць у турму?

Ну а што, вы чулі, якія песні ён спявае? "Я цяжарны" — гэта я толькі сёння пачула. Ну дык прабачце, гэта не тое што... гэта наогул... нават не гаспадарчы суд павінен разглядаць. Гэта палітыка, гэта ідэалогія, гэта выхаванне, маральнасць... справа ў тым, што людзей трэба выхоўваць.

— Чаму вы лічыце, што гэта няправільна?

А вы ведаеце, я яшчэ гляджу ў прыдачу і што там на Захадзе. Вось яны прапагандуюць, напрыклад, каб мужчына стаў жанчынай, а жанчына мужчынам, ну гэта ж занадта. Вы ж таксама ўсё гэта глядзіце, ці ў вас ужо так затуманеныя мазгі, што вы па-іншаму думаць не можаце? Толькі тое, што ён апранаецца ў ружовы колер, мяне гэта ўжо абурыла, а песні якія спявае... Паслухайце і ўключыце мазгі. Вы мне лепш скажыце, чаму натаўцы побач стаяць і чаму яны паперлі ва Украіну.

 

"Што гэта за вобраз увогуле напаўгамасяцінскі"

Іншы мужчына з атачэння Бондаравай называе Беларусь сваёй радзімай, але лічыць сябе рускім, а яшчэ яму вельмі не падабаецца ДзімДзімыч.

Ну так, а што ён спявае свае песні там усякія напаўгамасяцкія, звязана яшчэ з ужываннем наркаманічных сродкаў. Вам спадабаецца такі чалавек, які будзе спяваць пра перавагі дзяўчынак перад хлопчыкамі? Або хлопчыкаў перад дзяўчынкамі? Што гэта за вобраз увогуле напаўгамасяцінскі: ці то баба, ці то мужык. Я не разумею гэтага ружова-блакітнападобнага танцора. Спяваць трэба пра такія рэчы, як патрыятызм, любоў да Радзімы, пра вернасць у сям'і. Дзе гэта? Не, дарагі таварыш, мы ворагі з вамі, вы хочаце насадзіць усякае і зняволіць рускіх. Гэта было даказана стагоддзямі. Нельга рускіх шчаміць, за гэта вы будзеце адказваць.

Поговорили с членами банды Бондаревой, которые пошли войной на блогера ДимДимыча
ДзімДзімыч / Tochka.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі