"Крынж" ці "топ": погляд сямікласніка на самыя незвычайныя школьныя рэчы
Крынж ці топ?
Мы разгледзелі асартымент анлайн-крам і расказваем пра самыя незвычайныя (і дзіўныя) штукі, якія дзецям прапануюць узяць у школу.
І папрасілі сямікласніка Марка паглядзець на гэты спіс і выбраць тое, што ён зацаніў бы, убачыўшы гэта ў сваіх аднакласнікаў.
Пенал для спісвання
Самы звычайны нейлонавы пенал за 9 рублёў. Настолькі нудны, што воку няма за што зачапіцца. Але! Аказваецца, з такім пеналам вельмі зручна спісваць. Можна пакласці ў яго шпору або тэлефон, запэўнівае прадавец, і ўсе кантрольныя пройдуць гладка.
— А, празрысты? Так, я б узяў.
Падстаўка пад кніжкі
Вытворца кажа, што купляючы такую падстаўку, бацькі дбаюць пра зрок і паставу дзіцяці. У яе сем вуглоў нахілу і чытаць так нашмат зручней, чым штудзіраваць кніжку, схіліўшыся над ёй. Каштуе крыху больш за 9 рублёў.
— Так, з такой падстаўкай значна ямчэй, — пагаджаецца Марк. — Можна браць.
Мільён кітайскіх і карэйскіх заплечнікаў
На сайце папулярнага беларускага рытэйлера проста процьма ружовых і бэзавых заплечнікаў. А ўнутры бэзавага заплечніка — бэзавы шоппер, бэзавы мяшочак для абутку, бэзавы пенал, бэзавая сумка цераз плячо. І яшчэ куча цацак і значкаў, прышпіленых да заплечніка з усіх бакоў.
"Карэйскі стыль заплечніка дазваляе падкрэсліць індывідуальнасць і добры густ яго ўладальніка. Увесь набор вытрыманы ў модным бэзавым колеры з устаўкамі незвычайнага рознакаляровага тэкстылю", — гаворыцца ў апісанні.
— Нешта мне не вельмі падабаецца. Можа камусьці і спадабаецца, а я ненавіджу гэтыя ружовыя адценні, — кажа Марк.
А вось іншы заплечнік ад беларускага брэнда "Vokladki" Марку спадабаўся — і прынтом, і формай.
Вердыкт: "Топ".
Пенал з капібарамі
Побач з ружовымі кітайскімі заплечнікамі — мільён кітайскіх пеналаў. Яны таксама бываюць ружовымі, ліловымі... Але позірк Марка зачапіўся за пенал з капібарамі.
"Прыкольны прынт з мілай капібарай спадабаецца і першакласнікам, і падлеткам", — абяцаюць у апісанні да пенала.
— О, так, капібара! Добры пенал, можна браць, — рэзюмуе Марк.
Мы не ведаем, хто расказаў беларускім школьнікам пра капібараў, але іх рэальна ўсе любяць.
А гэты пенал-каціная лапка атрымаў жорсткі вырак.
"Зручны, мяккі пенал выкананы ў стыльным дызайне з трэндавы малюнкам і мае адно ёмістае аддзяленне на маланцы. Матэрыял: штучнае футра", — гаворыцца ў апісанні.
— Гэта крынж. Не, гэта дакладна крынж.
Сімпатычная канцылярка
Мы перагледзелі мноства ручак, закладачак, гумак (напрыканцы трэцяй гадзіны на сайтах анлайн-рытэйлераў карэспандэнт Еўрарадыё вырашыла сабраць пенальчык і для сябе). Марк выбраў некалькі прадметаў, якія падаюцца яму сімпатычнымі.
— Гумкі з катамі прыкольныя, я б такія паклаў у пенал. Калькулятар-лінейка таксама выглядае добра, карысная штука.
О, а гэта ручкі, якія можна сціраць? Окей, так, вось што-што, а гэта — вельмі патрэбнае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.