Паплечнікі Бондаравай паскардзіліся ў Мінкульт на гіда з Брэсцкай крэпасці

Брэсцкая крэпасць

Брэсцкая крэпасць / pixabay.com

Паплечнікі прапагандысткі "рускага свету" Вольгі Бондаравай паскардзіліся ў Мінкульт на экскурсавода з Брэсцкай крэпасці. Пра гэта яна расказала ў сваім тг-канале.

Адзін з падпісчыкаў Бондаравай 2 жніўня прыйшоў з сям'ёй на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць. Ён звярнуў увагу, што малады гід ні разу не сказаў ні "Белоруссия", ні "БССР" — "толькі Беларусь".

Пад канец экскурсіі ў яго запыталіся, "з якой прычыны салдаты самааддана ішлі на верную гібель і да апошняга змагаліся". На гэта экскурсавод нібыта адказаў, што абаронцы крэпасці не мелі выбару і баяліся рэпрэсій у выпадку здачы крэпасці і палону.

"Такія паняцці, як Абавязак, Гонар, Адвага, Гераізм, Патрыятызм, Барацьба за Радзіму, падобна, у маладога чалавека адсутнічаюць цалкам", — абурыўся аднадумца Бондаравай. У сваёй скарзе ў Мінкульт ён запатрабаваў растлумачыць, "з якой нагоды гід дзяржустановы распаўсюджвае сярод беларускіх і замежных турыстаў хлусню пра савецкую армію". Было там і патрабаванне звольніць экскурсавода.

У адказе Мінкульта яму паведамілі, што з гідам правялі тлумачальную гутарку. Таксама на метадычным пасяджэнні прайшло пазапланавае кантрольнае праслухоўванне яго экскурсійнага тэксту.

Каментуючы гэты інцыдэнт, Бондарава абураецца, што гіда не пакаралі, "не адхвасталі мокрымі анучамі па мардасах, не пазбавілі ліцэнзіі, а ўсяго толькі "правялі тлумачальную гутарку". Пагразілі пальчыкам, гэта значыць". На думку прапагандысткі, экскурсавод быў "варты большага".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі