Чыноўнікі расказалі, ад каго атрымліваюць "сігналы" на экскурсаводаў
Па скаргах на экскурсаводаў чыноўнікі "прымаюць меры" (ілюстрацыйнае фота)
Ірына Варановіч, дырэктар Дэпартамента па турызме Мінспорту Беларусі, расказала ў эфіры тэлеканала СТБ, ад каго атрымлівае "сігналы" на экскурсаводаў. Па-першае, па ўсёй краіне праводзяцца "маніторынгі". Па-другое, прыходзяць скаргі.
"Кожны чалавек, які прысутнічае на экскурсіі, калі бачыць моманты, якія выклікаюць пытанні, звяртаецца да нас, — кажа Варановіч. — Ужо многія звярнуліся са скаргамі на экскурсаводаў. Былі прыняты меры".
Пра тое, што ў працы экскурсаводаў будзе "наведзены элементарны і выразны парадак", восенню 2022-га заявіў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі. У выніку да атэстацыі не дапусцілі тых грамадзян, якія траплялі пад суд па "пратэсных" і "палітычных" артыкулах. У 2023-м Міністэрства спорту і турызму прыняло пастанову, якой устаноўлены "прафесійныя і этычныя патрабаванні" да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Сярод іх ёсць і "праява павагі да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь". Адначасова экскурсаводы не павінны дапускаць "з боку турыстаў, экскурсантаў" і іншых асоб некарэктных "выказванняў або дзеянняў".
І нават у такой сітуцыі збіраюцца ўзмацніць кантроль над экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі. Мінспорту сёлета прапанавала абнавіць патрабаванні па іх атэстацыі. І гэта пры тым, што экскурсаводаў не хапае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.