Замежніка не пусцілі ў РБ, бо ў яго тэлефоне былі фота Лукашэнкі і салдата УСУ
Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота
Грамадзяніна адной з краін СНД не пусцілі ў Беларусь, калі ён ехаў з Польшчы, піша MOST.
Мужчына ехаў праз польска-беларускую мяжу на аўтобусе. Яго прыезд прыпаў на час святочнага ажыятажу: у чарзе на мяжы давялося адстаяць амаль двое сутак.
Як мужчына расказаў журналістам, польскія памежнікі праверылі даволі хутка. А ў Беларусі правяралі старанна: вывелі з рэчамі, правялі мабільным сканерам. На пашпартным кантролі асаблівую ўвагу, як кажа мужчына, надавалі "тым, па кім было недастаткова інфармацыі ці хто быў замежнікам".
Пасля праверкі дакументаў яго запрасілі на размову з прадстаўнікамі КДБ. Пыталіся, дзе жыве, якая мэта паездкі ў Беларусь, ці ёсць сябры сярод беларусаў і ўкраінцаў. А потым супрацоўнік КДБ папрасіў яго тэлефон і пачаў глядзець.
"Потым пачаў рабіць фатаграфіі майго смартфона на свой. У нейкі момант паказвае фота жаўнера УСУ, якое я калісьці запампаваў, і фатаграфію Лукашэнкі ў прыніжальным выглядзе. Паказвае мне тэлефон і пытаецца: "Ну-ка, хто гэта на фатаграфіі? І пасля гэтага ты прыязджаеш сюды? Свабодны. Выходзь у калідор", — расказвае мужчына.
Па словах замежніка, ён баяўся, што за абразу Лукашэнкі яго абвінавацяць паводле крымінальнага артыкула і адправяць пад суд: "Было стрэмна. Я яшчэ маральна быў гатовы да "сутак", але за абразу прэзідэнта крымінальная адказнасць, наколькі памятаю. Думаў, гэта канец!"
Аднак мужчыну адправілі назад у кантрольна-прапускны пункт. Яму выдалі пашпарт з забаронай уезду ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.