На стэндах міліцыі з'явіліся фота журналістаў і актывістаў, якія з'ехалі за мяжу
Міліцэйскі стэнд
На міліцэйскіх стэндах з выявамі асоб, што знаходзяцца ў вышуку, з'явіліся фота віцебскіх журналістаў і актывістаў, якія з'ехалі за мяжу. Іх пабачылі прынамсі каля трох раённых аддзелаў міліцыі Віцебска, піша vitebskspring.org.
Сярод згаданых людзей — праваабаронцы Павел Левінаў і Ірына Траццякова, былы палітзняволены Міхаіл Жамчужны, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ян Дзяржаўцаў, журналістка Алена Шабуня ды іншыя. Усе яны ў розны час пасля 2020-га пакінулі Беларусь пад пагрозай рэпрэсій. Іх уключылі ў міждзяржаўную базу вышуку, агульную для РБ і РФ.
Калі пад фота на стэндзе каля РАУС Першамайскага раёна Віцебска напісана, у чым падазраюць і навошта шукаюць гэтых людзей, то на іншых стэндах такой інфармацыі няма (там змешчаны толькі пашпартныя даныя). Левінава і Траццякову вінавацяць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак", Шабуню — у "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".
Летась у Глыбокім на інфармацыйным стэндзе каля мясцовага РАУС з'явіліся здымкі журналіста Змітра Лупача і яго дзяцей. Іх назвалі "злачынцамі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.