Блогер Максім Шабуцкі пераходзіць з палітыкі ў стэндап
Максім Шабуцкі
Беларускі блогер і экс-добраахвотнік палка Каліноўскага Максім Шабуцкі пераходзіць з палітыкі ў стэндап, заўважыла "Наша Ніва". Першы выступ павінен адбыцца ўжо праз тыдзень.
Шабуцкі заявіў, што не хоча быць палітыкам і што ад беларусаў у новым парадку свету нічога не залежыць. "Хутка ў нас будзе сусветны перадзел, і таму, дарагія беларусы, падабаецца камусьці гэта ці не падабаецца, я не буду больш прадаўцом, блогерам, які прадае ілюзіі, мы сёння нічога не вырашаем", — заяўляе ён.
Блогер кажа, што на будучых перамовах па Украіне не будзе не толькі беларускай апазіцыі, але нават і Лукашэнкі, бо яго "не лічаць паўнавартасным геапалітычным актарам".
Шабуцкі крытыкуе тых, хто ўзначаліў беларускія пратэсты ў 2020 годзе і вінаваціць іх у нерашучасці: "На сёння мы не можам стаць паўнавартасным суб'ектам і ўзяць сітуацыю ў свае рукі. У нас было акенца ў 2020 годзе. Я ўсё ж упэўнены, што беларусы зрабілі вялікую памылку, калі пайшлі за сляпымі павадырамі, якія прывялі нас да сітуацыі, у якой мы ёсць. Вы не паклікалі людзей на барыкады, таму што вы проста баязліўцы. Хтосьці добры чалавек, хтосьці не вельмі, але вы баязліўцы — вы пабаяліся проста ўзяць на сябе адказнасць і рызыкнуць".
Ён заклікае сваіх падпісчыкаў рыхтавацца да "доўгай-доўгай стратэгіі", мінімізаваць супрацу з рэжымам і рабіць што магчыма. "Калі ў вас ёсць фінансавая магчымасць (для тых, хто ў Беларусі) я вас проста па-чалавечы прашу: дапамажыце ў першую чаргу бяздомным жывёлам, таму што гэта самая ўразлівая праслойка. Палітвязняў вы не выратуеце, вы не можаце дапамагчы Бабарыку і Калеснікавай", — заклікае ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.