У Гданьску спалілі дом-прычэп беларуса
Спалены грузавік Алега Мядзведзева
У польскім Гданьску невядомыя спалілі дом-прычэп беларуса Алега Мядзведзева, які служыў яму жыллём і майстэрняй, піша MOST.
Пры пажары згарэла абсталяванне для працы — 3D-прынтары і ўстаноўка для лазернай рэзкі. Цяпер Мядзведзеў распачаў збор сродкаў, каб набыць новы дом-прычэп і аднавіць сваю дзейнасць.
Алег вымушаны быў эміграваць у Польшчу ад палітычнага пераследу ў Беларусі. У Польшчы ён пажыў у розных гарадах — у Лодзі, Катавіцах, а нейкі час нават знаходзіўся ў анархісцкім сквоце ў Варшаве. Потым вырашыў набыць грузавік з кантэйнерам, які стаў і жыллём, і майстэрняй: ён распрацоўвае настольныя гульні.
Мядзведзеў мяркуе, што падпал можа быць звязаны з тым, што ён дапамог затрымаць двух зладзеяў за некалькі тыдняў да інцыдэнту. Ён дапамог паліцыі, а тая знайшла ў машыне мужчын матор, скрадзены з лодкі, якая стаяла побач з грузавіком беларуса.
Прычэп беларуса падпалілі на пачатку лістапада. Перад ад'ездам у Варшаву ён прыйшоў забраць рэчы — і пабачыў згарэлы дом. Страхоўкі на прычэп не было, таму кампенсацыю Мядзведзеву не далі.
Беларус ужо восем гадоў удзельнічае ў міжнароднай ініцыятыве "Ежа замест бомбаў" — гэта дапамога бяздомным і людзям у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пачынаў Мядзведзеў яшчэ ў Беларусі, а пасля пераезду ў Польшчу працягнуў у Гданьску.
Цяпер ён сам застаўся без дома: часова жыве ў знаёмых і вымушаны часта пераязджаць. Каб аднавіць сваё жыццё і працягнуць працу, Алег пачаў збор сродкаў: ужо сабрана 3,4 тысячы злотых з неабходных 18 тысяч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.