Яны робяць усё, каб жыццё стала людскім — Някляеў пра Дашкевіча і Вайцюшкевіча

Зміцер Вайцюшкевіч, Наста Дашкевіч, Уладзімір Някляеў і Зміцер Дашкевіч / facebook.com/uladzimir.niakliaeu
Зміцер Вайцюшкевіч, Наста Дашкевіч, Уладзімір Някляеў і Зміцер Дашкевіч / facebook.com/uladzimir.niakliaeu

Паэт Уладзімір Някляеў нагадаў чытачам, што сёння дзень нараджэння ў двух вядомых у Беларусі людзей — актывіста Змітра Дашкевіча і музыкі Змітра Вайцюшкевіча.

"Адзін Зміцер — цясляр. Бацька чатырох дзетак, якіх трэба гадаваць, даглядаць, карміць. А яго пасадзілі ў турму", — піша Някляеў. Нагадаем, на мінулым тыдні суд вынес прысуд Змітру і яго жонцы Насце. Змітра асудзілі на 1,5 года калоніі, Насту — на 3 гады "хатняй хіміі". У пары чацвёра дзяцей, малодшы хлопчык Данііл нарадзіўся сёлета 15 чэрвеня.

Другі імяніннік — Вайцюшкевіч, "артыст, у вобразе якога магла б увасабляцца мужная, годная, рыцарская Беларусь. А яму, занесенаму ў чорныя спісы, перагарадзілі шлях да сцэны. Да людзей, якія любяць ягоныя песні. Як і яго жонцы, якая, як некаму здалося, не тое спявае", піша Някляеў.

Паводле яго словаў, у Беларусі прывыклі да несправядлівасці, і гэта ўжо, здаецца, нікога не здзіўляе. Але такое жыццё, у якім штодня ламаюцца чалавечыя лёсы, бесчалавечнае. "І абодва Зміцеры, цясляр Дашкевіч і спявак Вайцюшкевіч, робяць, што могуць, што ў іх сілах, каб жыццё наша стала людскім. З днём народзінаў, Зміцеры!" — піша Някляеў.

Ён прысвяціў імяніннікам па невялікім вершы.

ДУХ (Зміцеру Дашкевічу)

Каб у замглёны час

Дух Волі ў нас не згас,

Ты ўсё зрабіў, што змог, –

І тое бачыць Бог!

ДУША (Зміцеру Вайцюшкевічу)

Душа – хоць ты крычы!

А ты спяваеш зноў…

Так рэхам уначы

Гукаецца любоў…

Так Нёману цячы

Ля родных берагоў…

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі