За "абразу Лукашэнкі" і "здзек з дзяржаўнага сцяга" — тры гады калоніі
Пракуратура Гродна / prokuratura.gov.by
Тры гады калоніі агульнага рэжыму прысудзіў суд Ленінскага раёна Гродна Паўлу Клапатку. Мужчыну вінавацілі ў абразе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, а таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў. Справу разглядаў суддзя Генадзь Мазайла, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Следства выявіла, што на сваёй старонцы ў "Аднакласніках" мужчына публікаваў пасты з выявамі Лукашэнкі, дзе выказваўся нецэнзурна на яго адрас. Таксама сярод пастоў была карцінка, дзе на чырвоным фоне паказаная зялёная свастыка з арнаментам, што палічылі здзекам з дзяржаўнага сцяга.
Акрамя таго ў сацсетках Паўла знайшлі абразлівыя публікацыі з выявамі Лукашэнкі, а ў подпісах да іх — абвінавачанні ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.