За пратэсты 2020 года асудзілі 6 брастаўчан, сярод іх — прафесійнага шахматыста

Суд, ілюстрацыйнае фота

Суд, ілюстрацыйнае фота / t.me/berezinonews/

У Брэсце агучылі прысуды 12-й групе мясцовых жыхароў, абвінавачаных ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах 2020 года.

За акцыю пратэсту супраць фальсіфікацый на выбарах, якая прайшла 10 жніўня 2020 года, шасцярых брастаўчан абвінавацілі ў дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак (арт. 342 КК). Масавыя суды за пратэсты чатырохгадовай даўніны ў Брэсце не рэдкасць.

Як паведамляюць праваабаронцы, 25 кастрычніка суддзя Святаслаў Каліна абвясціў прысуд:

— па паўтара года калоніі атрымалі Андрэй Карчага, Сяргей Пятручык, Дзмітрый Буланаў, Валерый Мароз;
— 1 год і 6 месяцаў калоніі прысудзілі Таісіі Літвінавай. Сукупна з папярэдняй судзімасцю паводле арт. 328 (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў) ёй прысудзілі 11 гадоў калоніі і штраф;
— два гады "хатняй хіміі" атрымала Ірына Сарока.

Асуджаны Дзмітрый Буланаў — прафесійны шахматыст. Сілавікі яго ўжо затрымлівалі ў ліпені 2023 года за ўдзел у пратэстах і публікавалі відэа з ім. Мужчына казаў, што ўваходзіць у трыццатку найлепшых шахматыстаў краіны. Тады Буланава адпусцілі пасля трох сутак арышту.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, паводле артыкула 342 КК у Брэсце ўжо асуджаныя 67 чалавек. Людзей вінавацяць у тым, што яны "выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, выходзілі на праезную частку". Праваабаронцы адзначаюць, што гэта ўсё з'яўляецца рэалізацыяй права на мірны пратэст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі