За што забракоўваюць подпісы за Лукашэнку і іншых прэтэндэнтаў

“Ніхто з грамадзян краіны так і не наважыўся адкрыта паскардзіцца на парушэнні. У органы пракуратуры, альбо нават у Следчы камітэт. Таму што парушэнне выбарчага заканадаўства цягне за сабой ў тым ліку крымінальную адказнасць. Напрыклад, аказанне ціску на выбарцаў. На нашу думку, гэта сведчыць пра тое, што грамадзяне не давяраюць праваахоўным органам”, — кажа адзін з куратараў незалежнага назірання за выбарамі Валянцін Стэфановіч. У краіне цяпер працуе каля 50 назіральнікаў ад Беларускага хельсінскага камітэта і незарэгістраванага цэнтра “Вясна”. Беларусы скардзяцца ананімна праз сайт кампаніі па назіранні.

Кіраўнікі некаторых тэрытарыяльных камісій нават дазволілі назіральнікам паглядзець на падпісныя лісты і гэта месцамі мела нечаканыя вынікі. У Маладзечне назіральнікі ўгледзелі парушэнні ў подпісах за Гайдукевіча і Цярэшчанку.

“Бо падпісныя лісты Гайдукевіча і Цярэшчанкі выглядалі вельмі дзіўна. Было ўражанне, што яны адной рукой запаўняліся. І даты, і подпісы”, — расказвае Стэфановіч.

Паседжанні мясцовых выканкамаў па выніках праверак падпісных лістоў праходзяць, як правіла, вельмі хутка — цягам 10 хвілін. На іх назіральнікам агучваюць вынікі праверкі. У Крычаве, напрыклад, мясцовая камісія з 11825 подпісаў за Лукашэнку прызнала несапраўднымі толькі 2. А ва Улаховіча такіх назбіралася ажно 10% — 15 са 141. У Таццяны Караткевіч сапраўднымі прызнаюць усе подпісы.

Пакуль самы гучны выбарчы скандал (акрамя унутрыапазіцыйных) адбыўся ў Гродне. На паседжанні выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёна горада яе кіраўнік забракаваў усе 11 тысяч подпісаў, здадзеных за Віктара Цярэшчанку. Раман Юргель, які прысутнічаў на тым паседжанні, кажа, што за Цярэшчанку падпісваліся нават нябожчыкі:

“Нам паказалі два адказы з Упраўлення унутраных спраў. У гэтых адказах сцвярджаецца, што ў падпісных лістах Цярэшчанкі ёсць прозвішчы памерлых людзей, не супадаюць нумары пашпартоў з прозвішчамі, не супадаюць адрасы рэгістрацыі тых, хто падпісаўся”.

Тая ж камісія прызнала несапраўднымі некалькі подпісаў за Караткевіч і Лукашэнку, але прычыны былі куды больш ардынарнымі. У падпісных лістах дзейнага кіраўніка краіны, напрыклад, камісія знайшла незапоўненыя месцы — не быў пазначаны горад, у якім збіралі подпісы, няправільна аформлены адрас. Такія подпісы таксама забракавалі.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі Еўрарадыё кажуць, што пакуль рана агучваць вынікі праверкі подпісаў. Тым больш, што рашэнне аб рэгістрацыі альбо нерэгістрацыі кандыдата будуць прымаць толькі пасля праверкі дэкларацый аб прыбытках. То бок 100 тысяч сапраўдных подпісаў можа быць мала, калі нехта з патэнцыйных кандыдатаў забудзецца расказаць пра кватэру ў Лельчыцах ці дом у Нью Ёрку. Прыкладная дата паседжання ЦВК па рэгістрацыі — 10 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі