За ўдзел у пратэстах затрымлівалі Юлію і Тамару Каралёвых
Юлія і Тамара Каралёвы
За ўдзел у пратэстах затрымлівалі Юлію і Тамару Каралёвых. Напярэдадні сілавікі паказалі відэа з маці і бабуляй 4-гадовага дзіцяці, якіх яны схапілі і пагражалі адправіць за краты. "Наша ніва" высветліла, што маці — гэта Юлія Каралёва, у якой ёсць 4-гадовая дачка, а бабуля — Тамара Каралёва. Разам з мужам Алесем Місуна Юлія займаецца лёгкай атлетыкай і рэгулярна бегае паўмарафоны. Місуна — адзін з самых паспяховых маладых прадпрымальнікаў Беларусі, ён з'яўляецца сузаснавальнікам digital-агенства Qmedia.
Тамара і Юлія больш за 15 гадоў маюць уласны бізнэс — фірму "Каралёў трэйд", якая прадае паслугі і тавары ў сферы "прыгажосці, спа і вэлнэс". Юлія — намесніца дырэктаркі Асацыяцыі прыкладной эстэтыкі і спа Беларусі, а дырэктаркай з'яўляецца яе маці.
Затрыманыя сказалі на відэа сілавікоў, што ўдзельнічалі ў вулічных акцыях 2020-га і аднойчы бралі з сабой малое дзіця. Гэта зафіксавала камера тэлеканала АНТ. Сілавікі прымусілі іх сказаць на відэа, што навагоднія святы яны найхутчэй правядуць на Акрэсціна. Праўда, жанчыне з непаўналетнім дзіцём не могуць прысудзіць суткі, максімальнае пакаранне ў яе выпадку — штраф. Дзе цяпер знаходзяцца Юлія і Тамара Каралёвы, невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.