“Зачэпінг” па-беларуску: выяўлена 11 выпадкаў за паўгода, ёсць дзеці і падлеткі
За паўгода беларуская міліцыя зарэгістравала 11 выпадкаў гэтак званага “зачэпінгу” — калі аматары экстрыму катаюцца на цягніках, зачапіўшыся за вагон з вонкавага боку. Як адзначаюць у прэс-службе МУС, ніхто з зачэпераў пры гэтым не пацярпеў. У палове выпадкаў парушальнікаў затрымлівалі па гарачых слядах.
Часцей за ўсё гэта экстрэмалы-адзіночкі, але двойчы на цягніках заўважалі групы дзяцей і падлеткаў.
Упраўленне арганізацыі забеспячэння грамадскай бяспекі на аб’ектах транспарту МУС нагадвае, што “зачэпінг” з’яўляецца парушэннем правілаў карыстання сродкамі чыгуначнага транспарту і за гэта прадугледжваецца адміністратыўная адказнасць — папярэджанне або штраф у памеры да дзвюх базавых велічынь.
Самавольны праезд у таварным цягніку або пасадка ў цягнік (высадка з яго) падчас руху, праезд на падножцы або даху вагона або самавольнае спыненне саставу без неабходнасці — таксама парушэнне, за якое штрафуюць на суму да трох базавых велічынь.
Адказнасць за такія правапарушэнні надыходзіць з 14 гадоў. За меншых падлеткаў і дзяцей адказваюць іх бацькі.