Заіка: Адстаўка Харкаўца — вынік неэфектыўнай бюджэтнай палітыкі
На думку вядомага эканаміста, адстаўка Андрэя Харкаўца звязаная са слабой работай міністэрства, якое ён узначальваў шэсць гадоў.
21 ліпеня стала вядома пра адстаўку Андрэя Харкаўца з пасады міністра фінансаў. Эканаміст Леанід Заіка ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў меркаванне, што гэтая адстаўка звязаная з тым, што Міністэрства фінансаў кепска сачыла за рэалізацыяй бюджэту.
Заіка: "Хутчэй за ўсё, адстаўка Харкаўца звязаная з тым, што ў Беларусі была дастаткова неэфектыўная падатковая палітыка, і бюджэтаванне выдаткаў. І маса грошай была выдаткаваная бескантрольна. Міністэрства фінансаў мусіла ажыццяўляць кантроль за выдаткоўваннем бюджэтных сродкаў — асабліва на мадэрнізацыю, куплю новай тэхнікі, абсталявання, рэалізацыю праграм у рамках бюджэту".
Эксперт нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка не аднойчы ладзіў разнос чыноўнікам за тое, што дарагое абсталяванне прастойвае, не пасуе пад умовы таго ці іншага завода і г.д. Па словах Заікі, за выкананнем такіх праграм і мусіў сачыць найперш Мінфін, а не Камітэт дзяржкантролю.
Фота — belaruspartisan.org