Застаецца толькі павесіцца: улады Мінска не падаўжаюць арэнду латкам з садавіной
minsknews.by
У Мінску прадпрымальнікам, якія гандлююць з латкоў гароднінай і садавіной, масава не падаўжаюць дамовы арэнды. З праблемай сутыкнулася каля 170 гандлёвых аб'ектаў па ўсім горадзе.
У адказе на запыт прадпрымальнікаў, падпісаным кіраўніком Мінгарвыканкама Юрыем Трушчанкам, гаворыцца, што "ў Мінску забяспечана эфектыўнае функцыянаванне рознічнай гандлёвай сеткі... Развіццё гандлёвай інфраструктуры ажыццяўляецца як за кошт буйных гандлёвых аб'ектаў, так і адкрыцця крамаў "крокавай" даступнасці".
Да латкоў жа, згодна з адказам Мінгарвыканкама, ёсць прэтэнзіі ў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца, што гандлёвыя месцы не ўтрымліваюцца ў належнай чысціні і спраўнасці, садавіна і гародніна там рэалізуюцца сапсаваныя. Дакументаў на прадукты нібыта няма, як няма і звестак пра праходжанне медыцынскага агляду і гігіенічнага навучання работнікаў.
Але ў той жа час у Мінску квітнее нелегальны вулічны гандаль, з якім улады калі і змагаюцца, то вельмі млява.
— Людзі працуюць, плацяць падаткі, а ім кажуць: "Ідзіце адсюль". А нелегалаў усё больш і больш. Дык пытанне: каму выгадна прыбраць легальны гандаль, пакінуўшы нелегальны? Хтосьці ў кішэню сабе хоча зарабіць? Не магу зразумець, — абураецца кіраўнік РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.
Як тлумачаць прадпрымальнікі, раней праводзіўся аўкцыён на права арэнды зямлі на 5 гадоў. Кошт такога права складае $23–40 тысяч у залежнасці ад месца. Апошнія тры гады з многімі прадпрымальнікамі проста падаўжаліся старыя дамовы — на год наперад.
Арэнда зямлі пад адзін латок у 5 квадратных метраў каштуе 370 рублёў у месяц.
"Асабістае перакананне намесніка старшыні Мінгарвыканкама"
— Улады не даюць нам канкрэтных папер на рукі і нічога не кажуць загадзя. Ёсць адзінкавыя людзі, з якімі мы працуем не адзін год. Яны нам на словах растлумачылі, якія ім лісты прыйшлі і якія былі дадзены ўказанні, — кажа прадпрымальніца Наталля Магарамава.
У яе 14 гандлёвых пунктаў у Мінску, і на ўсіх не падаўжаюць арэнду.
— Негалосна ўсё тлумачаць тым, што новы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Трушчанка супраць вулічнага гандлю і нават кірмашоў. Гэта яго асабістае перакананне.
Наталля падкрэслівае, што яшчэ некалькі месяцаў таму раённы выканкам адправіў дакументы на ўзгадненне і падаўжэнне арэнды. Па тых пунктах, дзе паперы паспелі прайсці да распараджэння Юрыя Трушчанкі, арэнда ў Наталлі падоўжаная да верасня наступнага года. Астатнія аб'екты павінны быць закрыты па заканчэнні тэрміну дамовы — 1 снежня і 9 студзеня.
— Нашы месцы будуць проста пуставаць. Мы спыталі, як вы гэта матывуеце? А яны кажуць, што горад больш не мае патрэбы ў гэтым бізнесе.
Наталля здзіўляецца, як мінскі бюджэт можа не мець патрэбы ў латках, калі толькі арэнда, выплачаная са 170 аб'ектаў, складае блізу $24 тысяч штомесяц, акрамя таго, ёсць падатковыя адлічэнні, у тым ліку ў ФСАН.
"Вы ж разумееце…"
— Ніхто адказу толкам не дае, усе махаюць рукамі. Кажуць, вы ж разумееце, гэта не мы, а вышэйстаячая ўлада. Мы не супраць усталяваць і касавыя апараты, і тэрміналы, дайце толькі працаваць. Нас гэты момант не бянтэжыць, — бядуе Наталля.
Для прадпрымальнікаў укладанні ў бізнес былі сур'ёзнымі, адзначае суразмоўніца. Хтосьці прадаў кватэру, хтосьці ўзяў крэдыт, "нікому нічога не дасталося проста так".
— Плюс гэта рабочыя месцы. У мяне на адной фірме чалавек 10-12 і на другой каля дзесяці. Гэта і прадаўцы, і бухгалтары, і кіроўцы.
"Станем у шэраг з нелегаламі"
За мінулы квартал з дзвюх фірмаў Наталля выплаціла 4 тысячы рублёў падаткаў.
— У нас ёсць хлопцы ў Фрунзенскім раёне, у якіх вельмі шмат аб'ектаў. У іх падаткі за квартал даходзяць да $10-15 тысяч долараў.
Наталля не можа зразумець, чаму за сваё месца і за тое, каб афіцыйна працаваць, кожны год трэба ваяваць. Калі сітуацыя не вырашыцца на карысць бізнесу, давядзецца працаваць нелегальна, кажа суразмоўніца.
— А што рабіць? Мы ж не можам пакінуць дзяцей без хлеба. Станем у шэраг з усімі, хто працуе нелегальна. З імі чамусьці адміністрацыя не змагаецца — прыязджае раз на месяц, нават не ведаючы, дзе яны стаяць. Нам трэба яшчэ ўзяць за руку і паказаць дзе.
Тым, хто гандлюе нелегальна, належыць штраф 0,5 базавай велічыні.
— Яны выплачваюць раз на месяц штраф. Нахабна ўсміхаюцца пры гэтым адміністрацыі і кажуць: "Добра, давай, я потым заплачу". Нават не згортваецца ніхто.
"Не хацелася б апускацца"
Фірма Ганны Муравіцкай налічвае дзевяць гандлёвых пунктаў. Па адным з іх падаўжэнне дамовы арэнды павінна было разглядацца на пасяджэнні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, але яно было адменена.
— Пункт працуе да канца кастрычніка, лічыце, у мяне яго ўжо няма. І так улады робяць апошнія тры гады — цішком не падаўжаюць нам арэнду, і мы пачынаем барацьбу. Так, парушэнняў з іх боку асабліва няма. Проста яны могуць нам сказаць, што нашы тэрміны ўжо скончыліся.
У бізнесе Ганны задзейнічана каля 15 чалавек. У асноўным па яе пунктах арэнда дзейнічае да 1 студзеня, але, паколькі праца сезонная, закрыць іх трэба будзе ўжо 1 снежня.
— Калі мы ніяк не адваюем сваю працу, то я выйду і буду працаваць, як нелегалы. Стане нават прасцей, але да гэтага не хацелася б апускацца. Хочацца працаваць сумленна і стаяць спакойна, — адзначае суразмоўніца.
"Застаецца толькі павесіцца"
Ганна мяркуе, што падобнымі рашэннямі ўладаў могуць прасоўвацца інтарэсы сеткавых крам.
— Такое адчуванне, што ўлады не ходзяць па зямлі і не разумеюць, што людзям патрэбны вулічны гандаль. Інакш мы б самі ціхенька закрыліся.
Сітуацыя, якая склалася, — удар не толькі для бізнесу і работнікаў Ганны, але і для яе сям'і.
— У мяне бацька — інвалід першай групы. Старэйшаму сыну 23 гады. Ён нядаўна адслужыў у войску, дзякуй богу, уладкоўваецца на працу, вучыцца ў інстытуце на платным.
Малодшая дачка вучыцца ў 4 класе. Таксама хапае усялякіх нюансаў: гурткі, рэпетытары. І я сёлета, як самая удачлівая, вырашыла ўсё-ткі пабудаваць кватэру.
Акрамя ўласных назапашванняў, частку сумы Ганне давялося браць у крэдыт.
— Што я буду рабіць, не ведаю, таму што крэдыт у дзяржавы ўжо ўзяла. Я ўжо ў выканкаме казала, што мне застаецца толькі павесіцца. Для мяне гэта поўны крах.
"Табакеркі" стаяць, садавіну — прыбіраюць
Наталля Жалезная ўжо 20 гадоў у фруктова-агароднінным бізнесе. У яе чатыры пункты, працуе бухгалтар, кіроўца, грузчык і шэсць прадаўцоў. На гарачую тэму яна гутарыла з самім намеснікам кіраўніка Мінгарвыканкама. Адзін з аргументаў, які ёй прыводзіўся, — нерэнтабельнасць. Чаму хтосьці ведае пра рэнтабельнасці яе бізнесу больш, чым яна сама, Наталля не разумее.
— Чалавек прыйшоў толькі сёлета на пасаду. І ён мне катэгарычна спрабуе даказаць, што дастаткова сеткавых крамаў. Я спрабую яму данесці, што працую ў спальным раёне, гэта зручна людзям. Тым больш у каранавірус, калі мамы лішні раз не стануць ісці ў краму і рызыкаваць дзіцем, каб купіць яблык ці банан. "Табакеркі" стаяць — садавіну прыбіраюць. Гэта няправільна.
Наталля разумее, што горад развіваецца і латкі павінны выглядаць прыгожа. Яна ўпэўненая, што прадпрымальнікі гатовыя ўкладаць у развіццё і супрацоўнічаць з горадам для гэтых мэт.
"Аблівалі і крычалі, што гэта кіслата"
Жанчыны перакананыя, што нелегальны гандаль, які і так квітнее ў Мінску, стане яшчэ больш маштабны. Пры гэтым падчас Еўрапейскіх гульняў улады нават звярталіся па дапамогу да прадпрымальнікаў, каб змагацца з нелегаламі.
— На праўды, 20 стаяла каля 80 нелегалаў. Маскоўскі выканкам калі ўбачыў гэта, выклікаў нас і кажа: "Дзяўчаты, давайце мы вашы латкі туды паставім, а вы ўжо як-небудзь разбярыцеся", — расказвае Ганна.
За звароты ў кантрольныя органы прадпрымальнікам пагражалі, прадаўцы адмаўляліся працаваць.
— Іх аблівалі вадой і крычалі, што гэта кіслата, — дадае Ганна.
Наталлі Магарамавай нелегальныя гандляры падпалілі дзве ралеты — гэта адбылося ў Маскоўскім раёне Мінска.
Пасля Еўрагульняў да прадпрымальнікаў прыехаў прадстаўнік Мінскага гарадскога цэнтра нерухомасці і выпісаў штраф за тое, што скрыня высунута на некалькі сантыметраў далей. Потым латкі вярнулі на ранейшыя месцы.
— Вядома, як толькі мы пайшлі, вярнуліся нелегалы. Яны ж і смяяліся нам у твар, — кажа Ганна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.