Затрыманыя службовыя асобы гандлёвай сеткі "Дабраном"
Праверка / КДК
Затрыманыя дзве службовыя асобы гандлёвай сеткі "Дабраном", распачатыя крымінальныя справы. Камітэт дзяржкантроля Беларусі паведамляе пра выяўленыя "факты неабгрунтаванага павышэння коштаў". Сцвярджаецца, што згаданыя службовыя асобы, ведаючы пра забарону павышэння коштаў на тавары, "не забяспечылі прыняцце належных мер для недапушчэння іх росту ва ўласнай рознічнай гандлёвай сетцы таварыства". У выніку кошты выраслі на каўбасу, сыры, малочную і іншую прадукцыю — "не менш за 30 асартыментных пазіцый". 6-7 кастрычніка "па завышаных цэнах" іх прадавалі ў крамах сеткі па ўсёй краіне.
Нядаўна ў РБ з'явілася дырэктыва Аляксандра Лукашэнкі "Аб недапушчальнасці росту коштаў", якой у нашай краіне забаронены рост цэн. Яшчэ раней прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб увядзенні ў Беларусі мараторыя на павышэнне коштаў і тарыфаў на ўнутраным рынку. Урад аператыўна адрэагаваў на загад Лукашэнкі з 6 кастрычніка забараніць рост коштаў. МАРГ заявіла аб "татальным кантролі коштаў", а Камітэт дзяржаўнага кантроля анансаваў "маштабныя праверкі коштаў у гандлёвых аб'ектах" і прыгразіў парушальнікам крымінальнымі справамі. І неўзабаве яны з'явіліся: першую распачалі ў Лідзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.