Жонка затрыманага за "масавыя беспарадкі" сказала, у якіх умовах яго трымаюць
Дар'я Лосік распавяла для Радыё "Свабода", у якіх умовах трымаюць яе мужа, якога яна не бачыла ўжо тры месяцы.
Кансультант "Свабоды" Ігар Лосік быў затрыманы каля дома ў Баранавічах 25 чэрвеня. З таго часу яго не бачылі ні бацькі, ні жонка, ні дачка, якой няма яшчэ двух гадоў.
Лосіка вінавацяць у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
"Абсурднасць абвінавачвання зразумелая абсалютна ўсім — у той дзень Ігара нават не было ў Гродне. Разам з тым пасля затрымання мой муж знаходзіцца пад вартай. Спачатку ў СІЗА №1 на Валадарскага. У жніўні яго перавялі ў турму №8 у Жодзіне", — распавядае жанчына.
Па яе словах, мужу ў зняволенні ствараюць бесчалавечныя ўмовы: пераводзяць з адной камеры ў іншую, пазбаўляюць яго лістоў і прэсы. "Даходзіць проста да абсурду. Як толькі ў яго з'яўляецца тэлевізар, яго спецыяльна пераводзяць у камеру ў падвале, каб антэна не прымала сігнал. Чалавека пазбаўляюць нават прапагандысцкай крыніцы інфармацыі, трымаючы ў інфармацыйным вакууме", — пералічвае Дар'я.
Па яе словах, Ігара Лосіка пагрозамі і запалохваннямі прымушаюць агаварыць сябе і іншых людзей. Дар'я кажа, што ў нядзелю ў камеры яе мужы з'явіўся новы чалавек — з педыкулёзам, прычым ён не прайшоў санітарную апрацоўку.
"Сёння ж майго мужа і яго сукамернікаў перавялі ў новую камеру. У паўпадвальным памяшканні. Памер гэтага памяшкання не дазваляе зрабіць нават пару крокаў па ім. Там можна альбо сядзець, альбо стаяць. У дзённы час прылегчы забараняецца пад пагрозай карцара. Рабіць без прэсы і лістоў там можна толькі адно — глядзець у сцяну. Дзень за днём. У адну і тую ж сцяну. Замест унітаза ў гэтай камеры — каменная дзірка ў падлозе, зліў у якой практычна не працуе. Рукамыйніца няспраўная. Перагародак няма. Дзірка гэтая прама каля акна выдачы ежы і "вочка", у якое зазірае "прадольны". Акно ў камеры — умоўнасць, зацягнутая лістом металу. У самой камеры жудасна холадна і мокра. Але перадаць Ігару цёплыя рэчы не дазваляецца, бо, на думку адміністрацыі, яшчэ не сезон", — дзеліцца яна падрабязнасцямі.
Дар'я называе такія ўмовы быдлячымі і лічыць катаваннем такое абыходжанне з мужам.
"Я, Дар'я Лосік, жонка палітычнага зняволенага Ігара Лосіка, адказна заяўляю: майго мужа вам зламаць не атрымаецца. Ігар ніколі ў жыцці не прызнаецца ў тым, да чаго ён не быў датычны. Ён ніколі не пацвердзіць усе гэтыя прапагандысцкія байкі і бруд, якія льюцца на яго з тэлеэкранаў і памыечных сайтаў. Ён ніколі не агаворыць ні сябе, ні іншых сумленных людзей, патрыётаў Беларусі", — заяўляе жанчына.
Яна патрабуе спыніць ціск на яе мужа і вызваліць яго з-пад варты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.