Журналіста-фрылансера Андрэя Толчына прызналі палітвязнем
Андрэй Толчын
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязнем журналіста-фрылансера Андрэя Толчына.
Як распавядала Еўрарадыё, мужчыну затрымалі 27 верасня ў Гомелі. На наступны дзень сілавікі правялі ператрус у яго кватэры. Следчыя забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Толчына перавялі ў СІЗА №3, на яго пачалі крымінальную справу.
Андрэй Толчын — былы журналіст і аператар, раней яго неаднаразова затрымлівалі за журналісцкую дзейнасць. Пасля пратэстаў 2020 года і пачатку рэпрэсій ён вырашыў сысці з прафесіі.
"Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Андрэя Толчына з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.