“Жывы Гук ON-line” ці спроба наесціся рокам

У 19.00 зала “Юлы”, дзе прапанавана асесці “Жывому Гуку ON-line”, яшчэ паўпустая. Студэнты-іншагароднікі, на якіх робяць стаўку арганізатары, каб такім чынам хутчэй інтэграваць іх у музычнае жыццё сталіцы, акурат падцягваюцца ў горад пасля выхадных. Са спазненнем забягаюць у клуб. На вялікім экране ля сцэны транслююць вядомыя рок-хіты, а час ад часу паказваюць наведвальнікаў “Юлы” ў фармаце он-лайн.

 

Прыкладна праз гадзіну на сцэне з’яўляецца Піт Паўлаў, які прадстаўляе гурты і тлумачыць правілы паводзінаў у клубе падчас канцэрту — дазволена ўсё, што не забаронена законамі Беларусі!

“Галоўная страва сённяшняга вечара — гэта рок, — працягвае Піт. — І мы паспрабуем накарміць вас рокам па поўнай! А ўжо дадаткова “Жывы Гук ON-line” — гэта месца, дзе вы можаце сустракацца, тусавацца, запрашаць сяброў”.

Піт Паўлаў

Першым на сцэне з’яўляецца гурт Remissia. Хлопцы марудна “чэкаюцца”, вакаліст каманды заўважна хвалююцца і перад кожнай песняй просіць “дадаць у маніторы вакал і гітару”. Як высветліцца пасля, “Жывы Гук ON-line” — своеасаблівы Дзень нараджэння каманды. А на Дзень нараджэння імянінніку дазволена кіраваць святам!

Remissia

нечаканы дуэт: Remissia і Піт Паўлаў

“Пляцоўка “Жывы Гук ON-line” дала нам вельмі моцны старт: калісьці Піт Паўлаў у нас паверыў і запрасіў сыграць. А сёння мы зразумелі, што ўсё не дарма — мы не дарма сустрэліся і пазнаёміліся з арганізатарамі гэтай імпрэзы. А яны не дарма нам паверылі і далі сцэну, магчымасць выступіць і паказаць сябе”.

За “Рэміссіяй” на пляцоўку выходзяць The Brooklet. Музыканты прадстаўляюцца, як “гарачы гурт наўпрост з Аўстраліі”, а са сцэны дзьме англамоўнымі 70-мі. Гурт горача вітаюць гледачы. “Бачна, што музыкі прывялі з сабой сяброў! — кажа са сцэны Піт. — Так і мусіць быць!”

The Brooklet

 

Тым часам зала ўжо слэміцца напоўніцу, а мы абмяркоўваем ідэі для наступных канцэртаў праекта з двума юнакамі ў фае.

“Мы спачатку паслухалі ўсе гэтыя каманды ў сацсетках, а пасля вырашылі прыйсці. Па-першае, мне спадабалася, што цяпер шмат “модных” гуртоў, якія спяваюць на беларускай мове. Нават сам спрабую цяпер на ёй гаварыць! Што тычыцца канцэрта — калі і далей тут будуць выступаць такія цікавыя каманды, дык, вядома, будзем прыходзіць!”

Патусаваўшыся ў клубе, вырашаем накіравацца ў грымёрку, каб пагутарыць з хэдлайнерамі імпрэзы, гуртом “Мутнаевока”. Дарэчы, пост-гранжары — адзіныя шчаслівыя ўладальнікі ўласнай грымёркі ў “Юле”.

 

 

Яўген Змушка

“Гэта з намі ўпершыню!” — смяецца бубнач гурта Лёша. Але яно і зразумела — шлях каманды некалі пачынаўся таксама з пляцоўкі “Жывы Гук ON-line”. Цяпер гурт у стане збіраць клубы на “сольнікі” ды разаграваць заходніх зорак. Фронтмэн гурта Яўген Змушка раіць маладым камандам не баяцца доўгай дарогі да вялікай сцэны і па-філасофску задумліва дадае, што “з цэглы і будуецца сцяна”.

Яўген Змушка: “Мне падабаецца, што Піт — апантаны дзядзька. А “Жывы Гук ON-line” — гэта ў першую чаргу фестываль і музычная падзея. Нам даспадобы гэтая ідэя, і мы падтрымліваем яе. Замуціць серыю такіх канцэртаў і ўзяць гэта за лепшую традыцыю — развіваць, працаваць над гэтым — па-мойму, гэта цуд”.

Мутнаевока

 

 

“Мутнаевока” грае амаль гадзіну, гледачы падпяваюць кожную песню, а музыкі гурта не перастаюць здзіўляць фірмовымі фішкамі. Эпатажу камандзе не займаць, а энергетыцы Змушкі можна толькі пазайздросціць. 

“Мы прыйшлі на “Мутнаевока”, нам вельмі спадабалася, было цудоўна! — перабіваюць адна адну дзяўчаты пасля канцэрта. Як высвятляем, нягледзячы на юны ўзрост, перад намі даўнія прыхільніцы пректа “Жывы Гук ON-line”. — Але хацелася б, каб болей часу надавалася музыкам на выступ. Бо, напрыклад, сэт-ліст “Мутнагавока”, які быў апублікаваны ў сацсетках, значна большы за тое, што яны праспявалі на канцэрце”.

 

 

“І дрэнна, што так доўга трэба было чакаць, — скардзіцца дзяўчына побач. — Імпрэза была запланаваная на 7 вечара, а пачалася ледзь не ў 8. Да таго ж, вельмі доўгія паўзы паміж выступамі гуртоў. Мне, напрыклад, не цікава сядзець і столькі часу чакаць. А каго б нам яшчэ хацелася пабачыць на гэтай сцэне? Яшчэ раз “Мутнаевока” і “Дай Дарогу!”

 

 

Наступная вечарына фармату “Жывы Гук ON-line” пройдзе 20-га кастрычніка. Яе ўдзельнікі пакуль не называюцца. Сачыце за афішай!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі