Зяленскі прапанаваў Парашэнку дэбаты на стадыёне "Алімпійскі"
Уладзімір Зяленскі пагадзіўся на ўдзел у дэбатах з Пятром Парашэнкам перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў, але ў сваім відэазвароце назваў шэраг умоў. "Звяртаюся да Пятра Парашэнкі, вы клічаце мяне на дэбаты, марылі, што я ўцяку, адмарожуся, схаваюся, — гаворыць Зяленскі. — Не! Я — гэта не вы ў 2014 годзе... Я прымаю выклік!".
Умовамі ўдзелу ў дэбатах Уладзімір Зяленскі назваў іх месца правядзення — 70-тысячны стадыён "Алімпійскі" ў цэнтры Кіева, жывая трансляцыя адтуль, абавязковая медэкспертыза кандыдатаў у прэзідэнты ("каб давесці народу, што сярод іх няма ні алкаголікаў, ні наркаманаў, краіне патрэбны здаровы прэзідэнт"). Таксама ён чакае, што Парашэнка "у знак павагі да, як мінімум, траціны грамадзян Украіны", публічна скажа, што "дэбаты адбудуцца не з марыянеткай Крамля ці Каламойскага, не з ватнікам, не з маларосам, не з быдлам, не з клоўнам, а з кандыдатам у прэзідэнты Украіны".
Зяленскі даў украінскаму прэзідэнту 24 гадзіны на тое, каб абдумаць адказ на гэтую прапанову.
У першым туры прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне пасля апрацоўкі 99,9% бюлетэняў Уладзімір Зяленскі апярэджвае Пятра Парашэнку на 14,3%.