12 самых страшных авіякатастроф апошніх гадоў (відэа)

12 самых страшных авіякатастроф апошніх гадоў (відэа)

19 траўня Airbus A320 авіякампаніі Egyptair, які ляцеў з Парыжа ў Каір, знік з радараў. На борце знаходзілася 56 пасажыраў (з іх трое дзяцей) і дзесяць членаў экіпажа. Праз нейкі час стала вядома, што самалёт упаў у мора, не даляцеўшы да берага каля 80 кіламетраў. Шанцаў, што камусьці з пасажыраў альбо членаў экіпажа ўдалося выжыць, амаль няма. Еўрарадыё згадвае іншыя буйныя авіякатастрофы, якія адбыліся па ўсім свеце за апошнія некалькі гадоў.

 

19 сакавіка 2016 — арабскі Boeing 737-800, 62 ахвяры

Пасажырскі Boeing 737-800, які ляцеў з Дубая, пацярпеў крушэнне ў Растове-на-Доне сярод ночы, у 3.42. Самалёт упаў ля ўзлётна-пасадачнай паласы пасля трэцяга заходу на пасадку ва ўмовах нізкай бачнасці. На борце знаходзілася 55 пасажыраў і 7 членаў экіпажа. Усе яны загінулі. Расследаванне паказала: пілоты несвоечасова зразумелі, што самалёт рэзка набірае вышыню, ляціць літаральна носам уверх. Гэта адбылося праз тое, што лётчыкам давялося ў крытычны момант адключыць аўтапілот, і яны не змаглі справіцца з лайнерам на нізкай вышыні. Самалёт рэзка набраў вышыню, страціў нармальную арыентацыю ў прасторы, пасля чаго літаральна каменем рынуўся ўніз — хуткасць сутыкнення з зямлёй склала больш за 600 кіламетраў на гадзіну. Ад вялізнага лайнера літаральна нічога не засталося.

31 кастрычніка 2015 года, Airbus-321 авіякампаніі "Кагалымавія", 224 ахвяры

Лайнер, які выконваў рэйс Шарм-эль-Шэйх — Санкт-Пецярбург, вылецеў з Егіпта ў 6.21 і знік з экранаў радараў праз 23 хвіліны. На борце знаходзілася 217 пасажыраў і сем членаў экіпажа. Абломкі расійскага самалёта праз некалькі гадзін знайшлі ў цэнтры Сінайскага паўвострава ў Егіпце. Амаль адразу ўзнікла версія пра тэракт, баевікі так званай "Ісламскай дзяржавы" ўзялі на сябе адказнасць за арганізацыю выбуху на борце лайнера. Далейшае расследаванне паказала, што бомба была закладзеная супрацоўнікам егіпецкага аэрапорта пад адно з крэслаў, яна змясцілася ў пустой алюмініевай банцы з-пад салодкага напоя. Пасля выбуху самалёт разваліўся на часткі ў паветры на вышыні 11 кіламетраў, шанцаў выжыць не было ні ў каго з пасажыраў і членаў экіпажа.

16 жніўня 2015 года, вінтавы ATR авіякампаніі Trigana Air Service, 54 ахвяры

Авіякатастрофа здарылася ў інданезійскай правінцыі Папуа. Самалёт страціў арыентацыю ў прасторы і на крэйсерскай хуткасці сутыкнуўся з гарой. Невялікі вінтавы лайнер ляцеў са сталіцы правінцыі горада Джаяпур у аэрапорт іншага інданезійскага горада, Аксібіла. Нягледзячы на невялікія памеры, лайнер быў забіты амаль пад завязку — на борце самалёта знаходзілася 49 пасажыраў і пяць членаў экіпажа. Усе яны загінулі. Прычынай катастрофы лічаць памылку экіпажа.

 

30 чэрвеня 2015 года, катастрофа транспартнага Hercules C-130B у Інданезіі, 141 ахвяра

У выніку гэтай авіякатастрофы ваенна-транспартны самалёт Hercules C-130B літаральна зваліўся на жылы квартал у сталіцы інданезійскай правінцыі Паўночная Суматра прыкладна праз дзве хвіліны пасля ўзлёту з базы ваенна-паветраных сіл Інданезіі. Самалёт праляцеў усяго пяць кіламетраў. Перад самай катастрофай пілот паведаміў дыспетчарам аб непаладках з рухавіком. С-130 пацярпеў крушэнне падчас развароту — пілоты збіраліся пасадзіць аварыйны самалёт. На борце знаходзілася 122 чалавекі, яны загінулі. Яшчэ 19 чалавек загінулі на зямлі — Hercules падчас падзення знішчыў некалькі жылых дамоў. Прычынай катастрофы прызналі аварыйны стан самалёта — яму было больш за 50 гадоў, тэхнічнае абслугоўванне не выконвалася належным чынам.

24 сакавіка 2015 года, крушэнне нямецкага Airbus A320 у Францыі, 150 ахвяр

Авіякатастрофа адбылася на поўдні Францыі ў дэпартаменце Альпы Верхняга Праванса. Самалёт Airbus A320, які належаў кампаніі Germanwings і ляцеў з Барселоны ў Дзюсельдорф, нечакана знік з радараў. На борце лайнера было 142 пасажыры і восем членаў экіпажа, усе яны загінулі. Запіс з чорных скрынак паказаў, што катастрофа стала вынікам наўмысных дзеянняў другога пілота — Андрэаса Лубітца. Ён дачакаўся моманту, калі першы пілот выйшаў з кабіны, закрыў дзверы і накіраваў самалёт у гару. Першы пілот да апошняга моманту спрабаваў прабіцца на сваё месца, але не змог зламаць замок.

 

4 лютага 2015 года, катастрофа ATR 72 у Тайвані, 43 ахвяры

Гэтая авіякатастрофа запомнілася тым, што была знятая аўтамабільнымі відэарэгістратарамі. Самалёт ATR 72 вылецеў з аэрапорта Taipei Songshan у напрамку архіпелага Цзыньмень. Падчас узлёту адзін з рухавікоў выйшаў са строю і загарэўся. Пілоты вырашылі адключыць яго, аднак памылкова спынілі падачу паліва ў іншы, спраўны, рухавік. У выніку іх дзеянняў лайнер зачапіў крылом мост, па якім у гэты момант рухаліся аўтамабілі, знёс капот адной з машын і ўпаў у раку. На борце знаходзіліся 53 пасажыры і пяць членаў экіпажа. 43 чалавекі загінулі, яшчэ 15 атрымалі раненні.

28 снежня 2014 года, А-320 авіякампаніі AirAsia Indonesia, 162 ахвяры

Лайнер ляцеў з інданезійскага горада Сурабая ў Сінгапур і знік у правінцыі Банка-Белітунг. На борце былі 162 чалавекі, усе яны загінулі. Абломкі авіялайнера доўга не маглі знайсці, улады паведамлялі, што знайшлі ў моры толькі некаторыя абломкі самалёта і некалькі целаў загінулых. Прычыны катастрофы дагэтуль не да канца зразумелыя. Мяркуецца, што да трагедыі прывялі дрэнныя умовы надвор'я і памылкі экіпажа.

 

10 жніўня 2014 года, іранскі Ан-140, 39 ахвяр

Катастрофа адбылася ў Іране непадалёк ад аэрапорта Тэгерана "Мехрабад". Пасажырскі самалёт іранскай мадыфікацыі Ан-140 авіякампаніі Taban Airlines накіроўваўся з Тэгерана ў іранскі горад Табас. На борце знаходзілася 40 пасажыраў і восем членаў экіпажа. Самалёт упаў адразу пасля ўзлёту непадалёк ад аўтамагістралі. Падчас узлёту ў Ан-140 загарэўся рухавік, самалёт рэзка змяніў напрамак і яшчэ да падзення на зямлю разваліўся на часткі. Загінула 39 і пацярпела дзевяць чалавек. Прычынай катастрофы назвалі тэхнічныя непаладкі.

 

24 ліпеня 2014 года, алжырскі McDonnell 83, 116 ахвяр

Лайнер накіроўваўся са сталіцы Буркіна-Фасо Уагадугу ў Алжыр. Самалёт належаў кампаніі Air Algerie, якая арандавала яго ў іспанскай Swiftair. У выніку катастрофы загінулі ўсе 116 чалавек, якія знаходзіліся на борце. Дакладная прычына невядомая дагэтуль. Хутчэй за ўсё лайнер разбіўся праз дрэнныя ўмовы надвор'я, якія вымусілі памыліцца пілотаў. Вядома, што перад катастрофай самалёт адхіліўся ад першапачатковага маршруту з прычыны навальніцы.

 

23 ліпеня 2014 года, ATR-72 кампаніі TransAsia Airways, 48 ахвяр

Лайнер здзяйсняў аварыйную пасадку на Тайвані, пасля таго як няўдала спрабаваў прызямліцца ў аэрапорце горада Магун на архіпелагу Пэнху. Пілоты папрасілі аб другой спробе пасадкі, пасля чаго самалёт страціў сувязь з авіядыспетчарамі. Лайнер урэзаўся ў зямлю ў раёне населенага пункта Хусы. Пры гэтым ён пашкодзіў два дамы — яны загарэліся. На борце самалёта знаходзіліся 54 пасажыры і чатыры члены экіпажу. Загінулі 48 чалавек, 10 атрымалі раненні. Прычынай катастрофы назвалі дрэннае надвор'е і памылку пілотаў.

12 самых страшных авіякатастроф апошніх гадоў (відэа)
ATR-72 кампаніі TransAsia Airways, 48 ахвяр

17 ліпеня 2014, катастрофа МН17 над Данецкай вобласцю, 298 ахвяр

Трагедыя адбылася ў Данецкай вобласці Украіны, пацярпеў крушэнне рэйс МН17 Амстэрдам — Куала-Лумпур. На борце лайнера Boeing 777-200 кампаніі Malaysia Airlines знаходзілася 298 чалавек, усе яны загінулі. Самалёт упаў з вышыні 11 кіламетраў, расследаванне паказала, што ён быў абстраляны ракетнай зброяй, пасля чаго адразу разваліўся на кавалкі. Спрэчкі аб тым, хто быў віноўнікам катастрофы, не скончаныя дагэтуль. Большасць незалежных экспертаў мяркуе, што лайнер збілі баевікі так званай "ДНР" з расійскай ракетнай устаноўкі БУК. Расійскі бок абвінавачвае афіцыйны Кіеў. На дадзены момант міжнароднае расследаванне працягваецца.

12 самых страшных авіякатастроф апошніх гадоў (відэа)
Рэшткі МН-17 у полі пад Данецкам

8 сакавіка 2014 года, Boeing 777-200 авіякампаніі Malaysia Airlines, 239 ахвяр

Мабыць, самая загадкавая авіякатастрофа за ўсю гісторыю авіяцыі. Лайнер з 227 пасажырамі і 12 членамі экіпажа на борце выконваў рэйс са сталіцы Малайзіі Куала-Лумпура ў Пекін. Праз дзве гадзіны пасля ўзлёту адзін з самых вялікіх самалётаў у свеце проста знік з экранаў радараў. У аперацыі па пошуку самалёта ўзялі ўдзел 26 краін свету, аднак знойдзена нічога не было. Толькі ў студзені 2015 года ўлады Малайзіі абвясцілі, што ўсе людзі, якія знаходзіліся на борце зніклага рэйса, афіцыйна лічацца загінулымі. На дадзены момант вядома толькі тое, што з невядомых прычынаў самалёт развярнуўся і замест Кітая паляцеў у бок Антарктыды. Прычым нехта адключыў усе датчыкі, па якіх лайнер можна было адсочваць з зямлі. У канцы 2015 года на ўзбярэжжы аднаго з астравоў Мадагаскара быў знойдзены невялікі фрагмент крыла лайнера. На сённяшні дзень пошукі самалёта працягваюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі