Паглядзіце на згубленую Беларусь. Хто аднаўляе страчаныя будынкі ў VR і AR
Разбураны касьцёл у Бялынічах / sketchfab.com
Беларус Мацвей хоча даць вам магчымасць паглядзець на помнікі айчыннай архітэктуры, якія больш не існуюць. Ён распрацоўвае праект X-ray Tours — то-бок туры па Беларусі ў віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. Што гэта значыць?
— Вы садзіцеся на канапу з мабільным тэлефонам, заходзіце на наш сайт, абіраеце горад Беларусі і архітэктурны будынак, які захочаце разгледзець у дапоўненай ці ў віртуальнай рэальнасці.
Для віртуальнай рэальнасці спатрэбяцца акуляры, а для дапоўненай увогуле нічога апроч тэлефона не трэба.
Віртуальная рэальнасць (VR) — гэта калі вы надзяваеце шлем ці акуляры і цалкам пагружаецеся ў іншы свет. Тады вы зможаце пагуляць вакол кляштара, які больш не існуе ў свеце, нібыта прыйшлі ў яго на экскурсію.
А дапоўненая рэальнасць (AR) проста дае магчымасць дамаляваць да рэчаіснасці новы слой. Прыкладам, вы накіроўваеце камеру тэлефона на тое месца, дзе некалі стаяў сабор, і бачыце яго ў камеры, нібыта ён стаіць там цяпер. Можаце пакруціць, павялічыць масштаб і разгледзець дэталі.
— Я раблю мадэлі вельмі дэталёвымі. Часам гэта нават выклікае праблемы з аптымізацыяй.
Прыкладам, нядаўна рабіў старую гарадзенскую ратушу. Гэта ўяўная рэканструкцыя, бо ратуша была разбураная амаль 250 год таму. Але, на маю думку, помнік цікавы і варты аднаўлення, бо яна была пабудаваная ў рэдкім для Беларусі стылі рэнесансу. У мадэлі можна пабачыць рэнесансныя вокны і маскароны на даху (дэкаратыўны элемент у выглядзе маскі звера ці міфічнай істоты — Еўрарадыё).
Гадзіннік з гэтай ратушы захаваўся — ён зараз знаходзіцца ў гарадзенскім фарным касцёле. А вось як ён глядзеўся на ратушы, можна пабачыць толькі ў віртуальнай ці дапоўненай рэальнасці.
Бліжэйшым часам Мацвей плануе працаваць над касцёлам Святога Стэфана ў Полацку.
— Ён знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага Полацкага ўніверсітэта, прымыкаў да будынка Езуіцкага калегіума і заўсёды цікавіў мяне і ўражваў сваёй веліччу. Гэта будзе не дакладная, а ўяўная рэканструкцыя.
Я выкарыстоўваю старыя абмеры, якія знаходжу ў асноўным у адкрытых крыніцах — у сеціве ці ў кнігах, у якіх месцяцца дадзеныя пра абмеры беларускіх кляштараў і касцёлаў. І ёсць людзі ў Беларусі, якія дасылаюць мне чарцяжы і планы будынкаў.
Зайсці ў Мінскую ратушу — раскоша для эмігранта
Больш за палову мадэляў, над якімі працуе Мацвей, гэта знішчаныя помнікі архітэктуры. Але ёсць і тыя, якія захаваліся. Навошта дубліраваць рэчаіснасць у дапоўненай рэальнасці? Мацвей упэўнены, што гэта можа быць цікава эмігрантам, якія з’ехалі з Беларусі і не могуць вярнуцца дадому.
У віртуальнай рэальнасці можна будзе, прыкладам, наведаць Мінскую ратушу. Часам да Мацвея звяртаюцца з просьбай зрабіць канкрэтную мадэль.
— Камусьці хочацца паглядзець на мадэль будынку з яго ўласнага горада. Людзі адчуваюць настальгію.
Але ў будучым не толькі эмігранты, але і турысты могуць зацікавіцца гэтым праектам, — лічыць Мацвей.
Дарэчы, калі вам хочацца паглядзець на беларускую архітэктуру менавіта ў віртуальнай рэальнасці, каб максімальна адчуць эфект прысутнасці, неабавязкова набываць дарагія акуляры за 300 еўра.
— Ёсць просценькія акуляры, якія каштуюць 8-10 еўра, у іх можна проста ўставіць мабільны тэлефон, і гэтага будзе дастаткова, патрэбны досвед вы атрымаеце, — абяцае Мацвей.
Калі вам цікавы гэты праект, можаце падтрымаць яго на новай беларускай краўдфандынгавай пляцоўцы “Гронка”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.