Новы рэкорд: у Брэсце выезду з Беларусі чакае 100 аўтобусаў
Аўтобус, фота ілюстрацыйнае
Каля 100 аўтобусаў сабраліся ў пункце пропуску "Брэст" у чаканні магчымасці ўехаць у Польшчу. Такія звесткі прыводзіць Дзяржпагранкамітэт. У прыгранічных чатах падлічваюць, што ў чарзе стаяць больш за 70 рэйсавых аўтобусаў і яшчэ каля трыццаці турыстычных.
Некаторыя вандроўцы кажуць, што правялі на мяжы больш за два дні і нават паспелі з'ездзіць пераначаваць у гатэлі.
Каб паскорыць працэс, шмат якія турысты перасаджваюцца ў аўтобусы, якія стаяць у чарзе бліжэй да КПП. Тады час чакання можа значна скараціцца. Гэта асабліва зручны варыянт для берасцейцаў.
Іншагароднія паступаюць падобным чынам. Проста прыязджаюць у Брэст любым зручным транспартам, бяруць таксі і едуць проста да мяжы. А там шукаюць магчымасць "падсесці" ў той аўтобус, які стаіць бліжэй да мяжы.
"Сын перасеў у найбліжэйшую да мяжы маршрутку, прыехаў у Варшаву, а яго аўтобус правёў у чарзе яшчэ 15 гадзін", — дзеляцца ў чатах.
Небяспека ў тым, што далёка не ў кожным аўтобусе могуць заставацца свабодныя месцы, і часам на пошукі можа спатрэбіцца час.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.