У Варшаве невядомы напаў на беларуску. Яна змагла даць адлуп

Напад на беларуску ў Варшаве

Напад на беларуску ў Варшаве / the-warsaw.com

Назойлівы мужчына напаў на беларуску на поўначы Варшавы, недалёка ад станцыі метро Marymont. Яна змагла адбіцца ад незнаёмца. Інцыдэнт патрапіў на камеру відэаназірання, на яго звярнуў увагу праект The Warsaw.

Увечары 26 ліпеня дзяўчына вярталася дадому па бязлюднай вуліцы. За ёй увязаўся мужчына. Спачатку ён проста ішоў побач, а потым пачаў казаць, што шукае вуліцу, але не ведае дакладнага адраса. На просьбу пра дапамогу беларуска адказала адмовай, але незнаёмец працягваў ісці побач і задаваць пытанні: ці ёсць у яе муж, чаму яна ходзіць адна так позна.

Калі дзяўчына падышла да свайго пад'езда і дастала ключы, каб увайсці ўнутр, мужчына тузануў за яе завушніцу, паспрабаваў задраць цішотку, пачаў прыставаць: "Чаго ламаешся, давай!". А потым схапіў яе за валасы.

Дзяўчына стукнула нападніка локцем, развярнулася і дадала кулаком. Мужчына спалохаўся і ўцёк. Падчас інцыдэнту ў беларускі выпалі навушнікі і крыху падрапалася вуха.

Паводле яе слоў, нападнік, мяркуючы па знешнасці, быў выхадцам з Сярэдняй Азіі. Дзяўчына яшчэ не звярталася ў паліцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі