25 студзеня пачынаецца суд па "справе графіцістаў" (відэа)
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 25 студзеня пачынаецца судовы працэс па "справе графіцістаў". А 11-й гадзіне перад судом павінны пастаць Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў.
Як паведамлялася раней, "справа графіцістаў" узнікла незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. 11 жніўня спецназ жорстка затрымаў пяць хлопцаў: трох з іх арыштавалі, двух адпусцілі. Іх падазравалі ў нанясенні беларускамоўных графіці "Беларусь мае быць беларускай" і "Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе..." Акрамя таго, іх падазравалі у псаванні фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі. Графіцістаў абвінавацілі ў хуліганстве, учыненым групай асобаў. А неўзабаве ўтрыманне пад вартай ім замянілі падпіскай аб нявыездзе.
Экспертыза надпісаў, як распавялі журналістам самі абвінавачаныя, не выявіла ў іх прыкметаў экстрэмізму.
Максіму Пякарскаму пазней паведамілі, што яму абвінавачанне змянілі на апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. З яго знялі абвінавачанне ў псаванні бігборда, але пакінулі абвінавачванні па двух эпізодах з нанясеннем графіці.
Вадзім Жаромскі вінаваціцца і ў групавым хуліганстве, і ў псаванні маёмасці. У яго абвінавачанні фігуруюць і графіці, і сапсаваны бігборд.
Вячаславу Касінераву следчыя пакінулі толькі абвінавачанне ў псаванні бігборда. Дарэчы, шкода была ацэненая ў 2 млн 200 тыс.руб., і юнакі яе ўжо кампенсавалі. Аднак судзіць Касінерава таксама будуць за групавое хуліганства і псаванне маёмасці.
Па справе раней праходзіў таксама Яраслаў Ульяненкаў. Але з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні, і ён будзе выступаць толькі сведкам.