30 сутак за кветкі ў памяць Аляксандра Тарайкоўскага

30 сутак за кветкі ў памяць Аляксандра Тарайкоўскага

11 жніўня ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы разглядалі справы трох мінчукоў, затрыманых за ўскладанне кветак каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. 

Напярэдадні споўніўся год з дня смерці пратэстоўца, якога застрэлілі, калі ён стаяў з пустымі паднятымі рукамі насупраць сілавікоў. 

Першай учора затрымалі 40-гадовую Наталлю Шэкаву. Як адзначаюць праваабаронцы "Вясны", у жанчыны ёсць непаўналетняе дзіця, але замест трох законных гадзін яе пратрымалі за кратамі ўсю ноч да суда. У пратаколе затрымання было напісана пра "несанкцыянаванае пікетаванне шляхам ускладаня кветак". 

Шэкава распавяла суддзі Юліі Чыж, што мела не палітычныя, а чалавечыя матывы: гуляла каля месца гібелі Тарайкоўскага, успомніла падзеі 202-га і вырашыла пакласці кветкі на тым месцы. Шэкаву аштрафавалі на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).

На тым жа месцы каля 17:03 затрымалі 20-гадовага Аляксея Латошу. Ён пацвердзіў на судзе, што ўваткнуў кветкі ў слуп, каб ушнаваць памяць загінулага Тарайкоўскага. Адразу пасля гэтага яго затрымалі людзі ў цывільным. Суддзя Чыж запыталася, чаму ён зрабіў гэта каля метро, а не на могілках. Хлопец сказаў, што мае малое дзіцё, таму шкадуе пра свой учынак і хоча быць зараз з сям'ёй. Яго асудзілі на 13 сутак.

Каля 19:55 затрымалі 23-гадовага Кастуся Цаўлоўскага: ён паклаў адну кветку каля выхаду з метро. Цаўлоўскі не прызнаў сваю віну. Свой учынак ён патлумачыў ушанаваннем памяці пра загінулага чалавека, а не палітычнымі матывамі. Суддзя Юлія Чыж прысудзіла Цаўлоўскаму 30 сутак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі