44-гадовы беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч паедзе на Алімпіяду
44-гадовы беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч паедзе на Алімпіяду-2018 у Паўднёвай Карэі. Пра гэта паведамляе сайт pressball.by. Адзначаецца, што гэтая інфармацыя не афіцыйная (верагодна, яна стала вядомая па выніках пасяджэння выканкама НАК). Поўны спіс беларускіх алімпійцаў будзе агучаны ў сераду на прэс-канферэнцыі ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэту ў Мінску. Далідовіч атрымае неімянную ліцэнзію.
Для Сяргея Далідовіча гэта будуць сёмыя Алімпійскія гульні. Летась, пасля таго, як спартсмена праз узрост не ўключылі ў зборную краіны, ён вырашыў рыхтавацца самастойна, сабраў грошы (каля 30 тысяч рублёў) на перадалімпійскую падрыхтоўку праз краўндфандынг.
Раней Далідовіч казаў, што на Алімпіядзе будзе лічыць поспехам, калі трапіць у лік 15 лепшых.