Абмеркаванне бюджэта-2016: Не магу вам сфармуляваць лічбу курса рубля
Абмеркаваць праект бюджэту на наступны год сабраліся 18 лістапада дэпутаты дзвюх палат парламента і прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, фінансаў, па падатках і зборах ды іншых ведамстваў. Як будзем жыць ў 2016 годзе?
Да пачатку пашыранага пасяджэння дэпутатаў і чыноўнікаў з міністэрстваў адказ на гэта пытанне журналістам спрабуюць даць старшыня камісіі па бюджэце і фінансах парламента Людміла Дабрыніна і намеснік старшыні камісіі па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў. Спрабуюць супакоіць. Маўляў, бюджэт на наступны год хоць фармавалі з улікам складаных знешніх умоў, але рэзервы для росту ёсць. Нават заробкі бюджэтнікам, запэўнівае Людміла Дабрыніна, будуць павялічаныя на 13%. Не будуць, па яе словах, скарочаныя расходы на медыцыну, адукацыю і гэтак далей.
Далей дэпутаты расказваюць, што стаўкі падаткаў застаюцца нязменнымі — 24,7%, што цяпер ёсць планы распрацоўваць эканамічную палітыку дзяржавы адразу на некалькі гадоў наперад і гэтак далей. Спрабую вярнуць народных абраннікаў на зямлю і цікаўлюся, які закладзены курс долара на наступны год. Адказу… не атрымліваю!
“Не магу вам сфармуляваць гэтую лічбу, бо пакуль яна абмяркоўваецца, — агаломшвае мяне Уладзіслаў Шчэпаў. — Я думаю, будзе прымацца рашэнне альбо кіраўніком дзяржавы, альбо урадам зацверджвацца адпаведны прагноз, і тады мы ўбачым гэтыя лічбы. Якія, вядома ж, ляжаць у падмурку фарміравання бюджэту!”
Я думаю, будзе прымацца рашэнне (які курс долара закладаць у Бюджэт-2016) альбо кіраўніком дзяржавы, альбо урадам зацверджвацца адпаведны прагноз, і тады мы ўбачым гэтыя лічбы
Прыблізна такі ж адказ атрымліваю ад Людмілы Дабрынінай. Забягаючы наперад, скажу: адказу няма і ад намесніка міністра эканомікі Аляксандра Забароўскага.
— Нулявое чытанне цяпер толькі адбываецца! Усе лічбы, усе раскладкі мы дастаткова транспарэтна вам прадставім!
— Вы ж назвалі канкрэтную лічбу, закладзеную ў бюджэт: кошт барэля нафты — 50 долараў. Чаму вы не можаце назваць курс долара?
— 50 за барэль назваў. Але ж усе курсы скаардынаваныя са сцэнарыем Мінэканомразвіцця Расіі. Гэты сцэнарый, знешнія ўмовы — гэта наша база для прагнозаў!
Усе курсы скаардынаваныя са сцэнарыем Мінэканомразвіцця Расіі. Гэты сцэнарый, знешнія ўмовы — гэта наша база для прагнозаў!
Але вярнуся крыху назад. Пасля кароткай прэс-канферэнцыі з удзелам двух дэпутатаў журналістам дазваляюць прысутнічаць на пашыраным пасяджэнні дэпутатаў і чыноўнікаў профільных міністэрстваў. Ну, у сэнсе, тых, ад каго залежыць, якім будзе наш бюджэт. Праўда, паслухаць дазваляюць толькі аднаго выступоўцу. “Шчасціць” намесніку міністра эканомікі Аляксандру Забароўскаму. Выступае ён энергічна, напорыста і, падаецца, нават рэвалюцыйна. Ну, да прыкладу, кажа, што прыспеў час сур’ёзна заняцца рэструктурызацыяй стратных прадпрыемстваў, спыніць практыку перакрыжаванага субсідавання. Але калі даходзіць да ўдакладненняў, высвятляецца, што “рэструктурызацыя” не азначае, што стратныя прадпрыемствы перастануць атрымліваць дзярждатацыі і будуць аб’яўленыя банкрутамі: чыноўнікі будуць шукаць магчымасці іх уратаваць.
Каму цікава — можаце паслухаць выступ намесніка міністра эканомікі цалкам.
З выступу даведваемся, што інфляцыя плануецца 12%. Пры гэтым, рэальныя даходы насельніцтва нібыта вырастуць на 0,5%. “Гэта што ж — людзі абяднеюць у наступным годзе”, — разгублена ўдакладняе адзін з прысутных дэпутатаў.
“Інфляцыя — гэта намінал, 112% — гэта рост цэн, — экспрэсіўна тлумачыць Аляксандр Забароўскі. — А рэальныя даходы — гэта 100,5%. Ачышчаныя ад інфляцыі! Зразумела, тады, калі 112% інфляцыя, 100,5% — рэальныя даходы, то намінальныя будуць 112 і 5”.
Радуе ўжо тое, што мы па прагнозах Мінэканомікі нібыта не павінны бяднець.
Больш ніякіх лічбаў будучага бюджэту не гучыць. Маўляў, гэта ж нават не “нулявое” чытанне — над праектам бюджэту яшчэ працаваць і працаваць! Хаця… можа, яны і гучалі пасля сыходу журналістаў.
Фота: Змітра Лукашука