Ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах адмовілася яшчэ адна партыя
Беларуская партыя "Зялёныя" адмовілася ўдзельнічаць у сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.
"Беларуская партыя "Зялёныя" не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года і выстаўляць свайго кандыдата", — гаворыцца ў заяве, якую партыя размясціла ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Сваё рашэнне "Зялёныя" абгрунтоўваюць тым, што збор подпісаў за кандыдатаў прызначаны на разгар эпідэміі COVID-19 у Беларусі. "Улады самаўхіліліся ад вырашэння гэтай праблемы, не прапанаваўшы бяспечны для членаў камандаў кандыдатаў і выбарцаў спосаб кантакту пад час кампаніі", — канстатуюць яны.
Акрамя таго, для кандыдатаў створаныя няроўныя ўмовы, лічаць "Зялёныя". Па папярэдніх паводзінах улады яны мяркуюць, што падчас выбарчай кампаніі будуць выкарыстоўвацца традыцыйныя механізмы фальсіфікацыяў, а праўладныя кандыдаты будуць ужываць адміністрацыйны рэсурс. Дэмакратычныя кандыдаты ж апынуліся ва ўмовах, якія пазбаўляюць іх шансаў сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў.
Згадалі ў партыі і заяву старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра абмежаванні назіральнікам ва ўмовах эпідэміі каранавіруса. На думку "Зялёных", гэтыя абмежаванні тлумачацца зусім не эпідэміяй. "Па гэтай логіцы, выбары ўвогуле трэба было б адмяніць. Падаецца, што мэта адхілення назіральнікаў — перашкодзіць гарантаванаму законам грамадскаму кантролю над працэсам выбараў", — лічаць у партыі.
Як паведамляла Еўрарадыё, раней ад удзелу ў выбарах адмовіліся Партыя БНФ і Беларуская партыя левых "Справядлівы свет".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.