“Адмяніць смяротнае пакаранне можна і без рэферэндуму”
Адмяніць смяротнае пакаранне можна і не праводзячы для гэтага рэферэндум. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае былы старшыня рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Палаты прадстаўнікоў, першы намеснік адказнага сакратара Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Мікалай Самасейка.
“Згодна з рашэннем Канстытуцыйнага суда ад 2002 года, пытанне пра адмену смяротнага пакарання ці ўвядзенне мараторыя можа быць вырашана ці прэзідэнтам, ці парламентам. Праўда, з выпадкам поўнай адмены смяротнага пакарання складаней, бо артыкул пра яго знаходзіцца ў Канстытуцыі, і ён можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму. Але! У гэтым артыкуле ўказана, што смяротнае пакаранне з’яўляецца часовым, і гэтым ужо вызначана, што яно можа быць адмененае так, як сказаў Канстытуцыйны суд.
На мой погляд, з пункту гледжання закона, рэферэндум не патрабуецца. Але гэта будзе не зусім правільна з таго пункту гледжання, што мы ў 1996 годзе адзін раз у народа спыталі і зараз нас людзі могуць папракнуць тым, што тады з імі раіліся, а зараз ― не”, ― кажа Мікалай Самасейка.
Па яго словах, нават калі пытанне адмены смяротнага пакарання вынесці на рэферэндум, дык шмат будзе залежаць ад таго, як будуць сфармуляваныя пытанні ў бюлетэні. Калі спытацца проста “Вы за адмену смяротнага пакарання?”, дык не выключана, што большасць выкажацца супраць. А калі даць выбар: адмена, мараторый ці пажыццёвае зняволенне, дык найхутчэй менавіта мараторый і пажыццёвае набяруць большасць галасоў, гаворыць Мікалай Самасейка.
Нядаўняе выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасць “мадэрнізаваць” Канстытуцыю прымусіла аналітыкаў дапусціць магчымасць рэферэндуму, які пройдзе ў бліжэйшым часе. На яго, сярод іншага, магло б быць вынесенае пытанне адмены смяротнага пакарання. Але, выступаючы 24 красавіка ў парламенце, кіраўнік Беларусі заявіў, што ніякага рэферэндуму праводзіць не плануецца.