Адвакаты Баўмгертнера прапануюць вызваліць яго пад заклад

Гэта цалкам пакрывае страты, якія, паводле беларускіх уладаў, расійскі прадпрымальнік нанёс кампаніі “Беларуськалій”. Пра гэта прадстаўнікі абароны паведамілі расійскаму выданню “Коммерсант”.



6 верасня Партызанскі суд Мінску адхіліў скаргу адвакатаў на арышт пракуратурай генеральнага дырэктара кампаніі “Уралкалій” Уладзіслава Баўмгертнера. Адвакаты прапаноўвалі вызваліць прадпрымальніка пад паручальніцтва губернатара Пермскага краю Віктара Басаргіна і дэпутата расійскай Дзярждумы Ігара Барынава, аднак суд не палічыў іх “годнымі даверу асобамі”. Суд спаслаўся на тое, што хадайніцтва не адпавядае ўсім патрабаванням артыкула 121 КПК Беларусі.



Самога Баўмгертнера на працэс не прывезлі, бо суд адхіліў гэтую прапанову адвакатаў. Закрытае пасяджэнне суду доўжылася каля трох гадзінаў.



9 верасня Мінскі гарадзкі суд будзе разглядаць скаргу на адмову суду Партызанскага раёна вызваліць Уладзіслава Баўмгертнера.



Нагадаем, што буйны расійскі прадпрымальнік быў арыштаваны 26 жніўня ў Мінску, дзе знаходзіўся па запрашэнні прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча. Яго абвінавацілі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і нанясенні шкоды кампаніі “Беларуськалій” на суму ў 100 мільёнаў долараў.



У ліпені Уладзіслаў Баўмгертнер заявіў пра выхад “Уралкалію” з партнёрства з беларускай кампаніяй і спыненне экспарту праз сумеснага трэйдэра — Беларускую калійную кампанію. Расійскі бок абвінавачваў “Беларуськалій” у несанкцыянаваным самастойным продажы калійных угнаенняў, што прывяло да абвалу коштаў на прадукцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі