Акадэмічная супольнасць ЕГУ пачынае серыю акцый непадпарадкавання

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на чальца сената дацэнта Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Максіма Жбанкова. Плануецца серыя акцый, якія будуць праходзіць згодна з літоўскім заканадаўствам. Мэта акцый — "спыненне рэпрэсій супраць іншадумцаў і вяртанне працоўных адносін у прававое поле".



Гаворка ідзе аб правядзенні флэшмобаў, пікетаў, накіраваных на інфармаванне акадэмічнай супольнасці і грамадскасці. "Мы будзем дзейнічаць адпаведна заканадаўству Літоўскай Рэспублікі, хочам зрабіць відавочным, што незадаволенасць палітыкай адміністрацыі ахоплівае шырокае кола ўдзельнікаў праекта ЕГУ і неабыякавых да яго лёсу назіральнікаў", — кажа Жбанкоў.



Уласна страйк выкладчыкі плануюць пачаць на пачатку сакавіка, паведаміўшы, згодна з заканадаўствам, адміністрацыі ВНУ.



Нагадаем, што напрыканцы студзеня рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў адмовіў у падаўжэнні працоўнага кантракту Паўлу Церашковічу. Сенат універсітэта выказаў тады прынцыповую нязгоду з гэтым рашэннем. Сенат звярнуўся да генеральнай асамблеі сузаснавальнікаў універсітэта і кіраўніка рады з просьбай адмяніць яго, аднак адказу не атрымаў.



Прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс заявіў, што адміністрацыя ўніверсітэта пакідае за сабой права на звальненне выкладчыкаў — удзельнікаў планаванай "незаконнага страйку".



Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі