Ахвярамі педафілаў у Беларусі за апошнія 5 гадоў сталі больш чым 3,5 тыс. дзяцей
Падчас праверкі пракуратура вывучала і тое, як арганізаваная занятасць дзяцей / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
За апошнія 5 гадоў у Беларусі ахвярамі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці сталі больш чым 3,5 тысячы дзяцей. Пра гэта расказалі ў Генеральнай пракуратуры. З аглядкай на гэтую статыстыку пракуратура зладзіла праверку па ўсёй краіне. Глядзелі, як выконваецца заканадаўства што да прафілактыкі сямейнага недабрабыту, як арганізаваная занятасць дзяцей і падлеткаў, што робіцца для іх абароны ад сексуальнага гвалту і эксплуатацыі.
У выніку высветлілі, што амаль кожнае чацвёртае дзіця, пацярпелае ад сексуальнага гвалту, было з нешчаслівай сям'і. Шмат рэцыдываў — калі такія злачынствы здзяйсняюць людзі, ужо асуджаныя за дамаганні да дзяцей. Акрамя таго, у супрацоўнікаў пракуратуры "выклікаюць занепакоенасць выпадкі здзяйснення педагагічнымі работнікамі злачынстваў сексуальнага характару ў дачыненні да дзяцей".
Па выніках пракурорскіх праверак амаль 3 тысячы чалавек былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Гэта і чыноўнікі, і тыя, хто мусіў займацца прафілактыкай.
Тым часам пра затрыманне чарговага педафіла паведамілі сёння мінскія міліцыянеры. Мужчына чапляўся да 8-гадовай дзяўчынкі, якая была яго сваячкай. Затрыманаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.