Актывіста штаба Віктара Бабарыкі асудзілі на два гады "хіміі"
Левона Халатрана сустракаюць ля будынка суда / @viktarbabarykaofficial
Суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес прысуд па справе кіраўніка Ruin Bar ОК16 і валанцёра выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Левона Халатрана. Яго абвінавачвалі "ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях у ноч з 9 на 10 жніўня, якія пацягнулі за сабой грубае парушэнне грамадскага парадку".
Адвакат і Халатран заяўлялі пра ягоную невінаватасць. Больш за тое, Халатран так і не зразумеў, у чым яго абвінавачвалі.
"Абвінавачванне складаецца з чатырох старонак, з іх тры — гэта суцэльны тэкст з адным пунктам. У гэтай грувасткай лексічнай канструкцыі зразумець, што мелася на ўвазе, вельмі складана любому чалавеку. Да канца Левон не разумее, у чым ён абвінавачваецца. Абарона таксама спрабуе расшыфраваць, у чым яго абвінавачваюць", — казаў пасля аднаго з паседжанняў адвакат актывіста Уладзімір Пыльчанка.
Суд пагадзіўся з бокам абвінавачвання, што Халатран "публічна заклікаў людзей да такіх дзеянняў праз інтэрнэт, перакрываў дарогі па вуліцах Багдановіча-Машэрава і Куйбышава-Машэрава ў Мінску, перашкаджаў руху транспарту, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у ладкі", і прызначыў актывісту пакаранне ў выглядзе двух гадоў "хіміі".
Пры гэтым тэрмін, ужо праведзены ў зняволенні, яму палічылі як дзень за два. У выніку яму засталося адбыць на "хіміі" каля года, паведамляе "Белсат". Левона Халатрана адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе на перыяд абскарджання прысуду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.