Актывісту Мікалаю Алейніку выклікалі "хуткую" ў суд
У судзе Маладзечне на 22 чэрвеня прызначаныя працэсы над затрыманымі Мікалаем Алейнікам, Андрэем Багамолавым, Паўлам Пясковым.
Суд над Алейнікам, якога затрымалі 19 чэрвеня падчас "ланцуга салідарнасці", пачаўся пасля 16:00. Працэс вёўся праз Skype.
Суддзя Вольга Дубовік зачытала пратакол: з 20:00 да 22:30 ён гуляў у цэнтры Маладзечна, удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, выказваў незадавальненне існуючай уладай. Пасля чаго быў затрыманы, хапаў за абмундзіраванне супрацоўнікаў АМАПа, супраціўляўся.
Алейнік з пратаколам не пагадзіўся. Па словах хлопца, ён дамовіўся сустрэцца з сябрам, але нечакана яго затрымалі ці то АМАП, ці то міліцыя — ён не разабраўся.
Мікалай хадайнічаў, каб яго абаронцам быў яго брат Юрый. Пацярпелы — камандзір роты абласнога АМАПа лейтэнант Баранаў — быў не супраць. Аднак адмовіла суддзя, прычым не аргументавала сваё рашэнне.
Алейнік паведаміў, што ў яго хворае сэрца: пасля затрымання яму стала кепска, яго вазілі ў лякарню, рабілі ўкол.
Сувязь з Алейнікам пастаянна перапынялася, таму быў абвешчаны перапынак. Пасля перапынку суд меркавалася правесці ў іншай зале і ў прысутнасці Мікалая Алейніка.
Аданк падчас перапынку журналісты пабачылі, што ў суд прыбыла машына "хуткай": выявілася, што Алейніку стала кепска.
Пасля перапынку Алейнік выглядае вельмі кепска: ён кажа, што яго жорстка затрымлівалі яму вельмі баліць сэрца. Размаўляе запаволена.
Аднак суддзя працягвае працэс. Пацярпелы назірае праз Skype. Па словах суддзі, медыкі сказалі, што няма падставаў не працягваць. суд
Алейнік падаў хадайніцтва аб прадастаўленні адваката, але суддзя адмовіла, бо яно падпісанае яго братам. Хлопец папрасіў магчымасць перапісаць заяву.
Суд даў Мікалаю Алейніку магчымасць азнаёміцца са справай і знайсці адваката. Ад дзяржаўнага адваката, прадастаўленага судом хлопец адмовіўся.
Алейніка адпусцілі дадому пад падпіску аб яўцы. Суд працягнецца ў сераду, 24 чэрвеня, у 10:00.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.